Весялосці хапіла на ўсіх

«Нам няма калі сумаваць!» — вырашылі бабулі і пайшлі… на дыскатэку!
«Дыскатэка «Аварыя», — жартам назвала яе гумарыстка Галіна Мікалаеўна Качалаева. Ну, аварыі, вядома, ніякай не адбылося, а вось весялосці хапіла.
У гарадскім Доме культуры, што ў раёне былога камбіната будматэрыялаў, дырэктар Аксана Міхайлаўна Гурбовіч і мастацкі кіраўнік Марына Іванаўна Галкоўская ладзілі конкурс «Ану, бабулькі!». Спаборнічалі вышэйназваная Галіна Мікалаеўна Качалаева, а таксама Еўдакія Васільеўна Старавойтава, Лідзія Іванаўна Масцяева і Вольга Мікалаеўна Аляксеенка.
З заданнямі жанчыны спраўляліся выдатна. І тое сказаць: вылечыць унука, накарміць яго, спець калыханку, расказаць казку — справа для іх прывычная. Майстрыхі яны і прыпеўкі спець, і патаньчыць. Дарэчы, «Танец маленькіх качанят» сваёй бабулі Дусі дапамагала таньчыць унучка Віка, а развучвала яго з усімі бабулямі дашкольніца Даша — актыўная балельшчыца. «Вось так — крылцамі памахаем, а цяпер — хвосцікам», — павучала яна.
Балельшчыкі, трэба сказаць, (і пажылыя людзі, і моладзь) не шкадавалі апладысментаў дасціпным удзельніцам конкурсу. А музычныя паўзы па-мастацку запаўнялі Аліна Сілачова і Валерыя Кастрова.
Журы ў складзе бібліятэкараў Валянціны Бураковай, Ганны Жылінскай і Алены Севярынавай было даволі складана вызначыць пераможцу. Але ўсё ж такі з мінімальнай перавагай ёю стала Лідзія Іванаўна Масцяева. Ды прайграўшых не было: кожная з удзельніц атрымала спецыяльны тытул («Міс Прыгажуня», «Міс Каралева», «Міс КБМ», «Міс Сусвет») і кветкі, а таксама добры настрой. А замацавалі яго і нават узнялі вышэй усе прыйшоўшыя на свята ў Дом культуры дыскатэкай «Каму за…»
Галіна Цыганкова.