«Спадчына маёй бабулі»

Пад такой назвай у Барысавіцкай бібліятэцы прайшло чарговае пасяджэнне клуба па інтарэсах «Вытокі». Арганізавала і правяла гэта цікавае мерапрыемства бібліятэкар Галіна Фралова.
— Краязнаўства — адно з галоўных напрамкаў у маёй рабоце. Хочацца, каб з цягам часу залацінкі народнай мудрасці, традыцыі, некаторыя рэчы продкаў не згубіліся, каб моладзь памятала пра гэту спадчыну, — кажа Фралова. — Такія мерапрыемствы заўжды выклікаюць цікавасць сярод нашых чытачоў.
На гэты раз гаворка ішла пра ручнікі. Была арганізавана выстава вышываных ручнікоў, якія прынеслі Святлана Сяднёва, Марыя Федасенка, Ніна Раманенка і іншыя мясцовыя жыхары. Пенсіянерка Ніна Федасенка, паказваючы свой вышываны ручнік з выявамі галубоў, нагадала такую прыказку: вышывалі галубкоў, каб заўжды была любоў і павага да бацькоў. А калі загучалі мелодыі залівістага гармоніка ў выкананні Пятра Раманенкі, то прысутныя ўспомнілі нямала песень пра ручнікі, пра лён, пра працу…
Прыйшло ў клуб «Вытокі» нямала моладзі, школьнікаў. Гэта Крысціна Фралова, Віка Пятрова, Вадзім Сяднёў і іншыя.
Бібліятэкар Галіна Фралова нагадала прысутным пра звычаі, звязаныя з ручнікамі, расказала нямала прыказак. Госці паведамілі пра тое, як вышывалі свае ручнікі, з задавальненнем спявалі песні, дзяліліся ўспамінамі.
Завяршылася сустрэча, але ў кожнага застаўся аб ёй прыемны ўспамін.
Таццяна МАЛІНІНА.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *