Наша спадчына

У сінявокай Беларусі ёсць безліч маляўнічых і цікавых мясцін. Але самае галоўнае багацце нашай краіны — гэта яе жыхары. Беларусы славяцца сваёй гасціннасцю, дабрынёй, шчырасцю. Клімавіцкая зямля ганарыцца многімі слаўнымі зямлякамі. Сярод іх — таленавіты мастак Леанід Леанідавіч Ячнеў, краязнаўца раёна Аляксандр Мікалаевіч Галкоўскі… З гэтымі цікавымі людзьмі мелі магчымасць пазнаёміцца бліжэй вучні Вялікамохскай базавай школы-сада ў час мерапрыемства “Наша спадчына”. Праводзілася яно ў рамках акцыі “Жыву ў Беларусі і тым ганаруся”.
Пазнавальнай атрымалася гутарка з Леанідам Ячневым. Удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць паглядзець яго карціны, у якіх адлюстраваны цудоўныя мясціны роднай Бацькаўшчыны; паслухаць, як стварае мастак свае работы, што з’яўляецца для яго крыніцай творчасці; задаць свае пытанні… Дарэчы, Леанід Леанідавіч — аўтар пяці персанальных выстаў, дзве з іх адбыліся ў Нарвегіі. Ён двойчы ўдзельнічаў у Міжнародным фестывалі “Славянскі базар” у Віцебску, прымаў удзел у Міжнародным пленэры, які быў прысвечаны 100-годдзю з дня нараджэння А.Т. Твардоўскага і 65-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.
Затым вучні і настаўнікі здзейснілі цікавую завочную вандроўку ў вёску Судзілы да вядомага краязнаўца Аляксандра Мікалаевіча Галкоўскага. Яны паглядзелі дакументальны фільм “Спадчына Аляксандра Галкоўскага”, які быў створаны мастаком Леанідам Ячневым (за яго плячыма — сем гадоў працы кінааператарам на кінастудыі і тэлебачанні ў Гродна, а таксама ён пэўны час быў аператарам на Клімавіцкім Мір-ТВ). У стварэнні кінастужкі прымала актыўны ўдзел карэспандэнт раённай газеты “Родная ніва” Таццяна Падліпская. Дарэчы, дэбют фільма адбыўся ў лістападзе на тэлеканале “Магілёў-2”, дзе ён карыстаўся значным поспехам і быў паказаны шэсць разоў.
У час прагляду дакументальнай стужкі школьнікі мелі магчымасць пераканацца ў тым, што хата Галкоўскага нагадвае сапраўдны музей; пазнаёміцца бліжэй з гэтым самабытным чалавекам, які ведае шмат народных песень, звычаяў, абрадаў; паглядзець, як прадзецца воўна, і разам з гэтым упэўніцца, што Аляксандр Мікалаевіч не толькі знаўца гісторыі родных мясцін, народных звычаяў і абрадаў, але вельмі працавіты чалавек, трымае вялікую гаспадарку.
А затым удзельнікі сустрэчы ўважліва слухалі дачку краязнаўца Дар’ю Аляксандраўну Эверс. Яна — старшы навуковы супрацоўнік раённага краязнаўчага музея, але ў дадзены момант выхоўвае маленькую дачку. Госця расказала пра слуцкія паясы, пра значэнне паясоў у нацыянальным адзенні беларусаў, паказала, як тчэцца пояс…
Кожны жадаючы, а іх было нямала, меў магчымасць сам паспрабаваць яго рабіць. Некалькі дзіцячых паясоў са сваёй калекцыі Дар’я Аляксандраўна падарыла школьнаму этнаграфічнаму кутку.
— Раней у Судзілах ткалі прыгожыя паясы. Ішоў час. Памерлі майстры гэтай справы, і традыцыі ткацтва сталі забывацца. Мой бацька вырашыў адрадзіць майстэрства. Доўга спрабаваў і, нарэшце, у яго гэта атрымалася. Зараз ткацтва паясоў стала нашай добрай сямейнай традыцыяй, — кажа дачка краязнаўцы. — Для таго, каб атрымаўся пояс, неабходны дошка, іголка, лінейка і ніткі. Кожны колер мае сваё значэнне. Чырвоны — сімвалізуе жыццё. Побач з ім прысутнічае белы — сімвал волі і свабоды, а таксама чорны, які нагадвае нам, што гора і радасць ідуць побач. Шмат сустракаецца ў паясах зялёнага колеру. Ён абазначае лес, прыроду. Блакітны — быў абавязковы для людзей, якія жывуць на берагах рэк, — кажа Даша Эверс.
Хутка прайшоў час. Завяршылася сустрэча. Але ў школьных калідорах яшчэ доўга чуліся галасы дзяцей, якія дзяліліся адзін з адным сваімі ўражаннямі ад убачанага і пачутага.
Таццяна Салаўёва.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *