У спалучэнні з грамадскімі справамі

Жыццё іншы раз прымушае за вырашэннем нейкіх сацыяльна важных для нас праблем звяртацца за парадай альбо рэальнай падтрымкай да дэпутатаў. Такіх жа грамадзян, якім выбаршчыкі даверылі абараняць свае правы ў органах мясцовага самакіравання.
У складзе Клімавіцкага раённага Савета дэпутатаў зараз шырока прадстаўлены кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый. Згадзіцеся, гэты фактар з’яўляецца станоўчым.
Дэпутат адназначна павінен мець развіты інтэлект, валодаць здольнасцю ўзаемадзейнічаць з рознымі дзяржаўнымі структурамі, застаючыся прынцыповым абаронцам інтарэсаў сваіх выбаршчыкаў.
Адзін з такіх лідэраў — начальнік аддзела па справах моладзі райвыканкама Таццяна Меньшыкава. Дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Болдзінскай выбарчай акрузе № 17.
— Акрамя ўсяго, Вы яшчэ з’яўляецеся членам пастаяннай камісіі райсавета дэпутатаў па пытаннях бюджэту, эканомікі і падаткаабкладання. Як удаецца спалучаць свае непасрэдныя, службовыя, абавязкі з грамадскімі? — пацікавіўся ваш карэспандэнт у маладзёжнага лідэра. — Плюс да таго, Вы ўзначальваеце прафсаюзную арганізацыю райвыканкама.
— Імкнуся ніколі не збаўляць тэмпу, каб усё паспець. Мне падабаецца работа, калектыў, дзе працую. Гэта, лічу, аснова любога поспеху.
— Хто дапамагае вырашаць акрэсленыя вашым статусам задачы?
— У нас падабралася сапраўдная каманда аднадумцаў. Дзейнічаем узгоднена і эфектыўна разам з калегамі, якія займаюцца рэалізацыяй дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі. Гэта кіраўніцтва, актывісты раённых грамадскіх арганізацый. Вядома, як дэпутат адчуваю дзейсную падтрымку раённага Савета на чале з яго старшынёю Мікалаем Далгуном. Заўсёды можна спадзявацца на рад кіраўнікоў. Сярод іх хацела б асабліва падзякаваць дырэктару філіяла РУП “Магілёўэнерга” Клімавіцкія электрычныя сеткі Віктару Асмалоўскаму, начальніку РВЭС Мікалаю Дулубу.
—Таццяна, з якімі просьбамі звяртаюцца выбаршчыкі?
— Мая акруга ўключае ў сябе 10 вуліц. Там пражываюць звыш 700 чалавек. Перыядычна сустракаюся з жыхарамі. У тым ліку з удзелам прадстаўнікоў розных дзяржаўных службаў. Гэта дапамагае валодаць сітуацыяй, акумуляваць інфармацыю і карыстацца ёю, каб здымаць праблемы. У асноўным яны тычуцца работы УКП “Камунальнік”, добраўпарадкавання, закінутых домаўладанняў, атмасферы ў сем’ях, паводзін непаўналетніх і г. д.
— Удаецца штосьці зрабіць?
— Па майму дэпутацкаму запыту ў камунальную службу ўстаноўлена водаразборная калонка паміж дамамі 66-84 па вуліцы Болдзіна. Самі жыхары акругі неабыякавыя да праблем у бліжэйшым наваколлі. Напрыклад, дзякуючы іх ініцыятыве зроблена абарончая агароджа пешаходнага пераходу па мосце праз раку Калініца.
Двойчы на працягу года робім абход вуліц з мэтай навядзення парадку на зямлі. Каб паправіць сітуацыю, вядзём растлумачальную работу. Заўсёды ў гэтым плане падтрымліваюць аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама, арганізацыі горада. У прыватнасці, выкананы работы па добраўпарадкаванню калодзежаў, пляцовак для збору смецця на вуліцы Трудавой.
Даводзіцца таксама ўздзейнічаць з дапамогай участковага інспектара РАУС Уладзіміра Васілеўскага на абавязаных, раней судзімых асоб, вырашаць бытавыя канфлікты паміж суседзямі і многія іншыя пытанні.
— Што Вы адчуваеце пасля ўсіх такіх клопатаў?
— Прыемна, калі дапамагаеш людзям справіцца з вострай сітуацыяй. Увогуле, лічу, што скардзіцца на жыццё ніколі нельга. Мой дэвіз — быць аптымістам, несці іншым сваю пазітыўную энергію. Бо са стрэсавых абставін выбірацца цяжка. Трэба верыць у лепшае, змагацца за яго.
Гутарыў Мікалай Глуздоў.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *