Задача — быць адказнымі

Семінар-нарада ідэалагічнага актыву раёна праведзены на базе ўстановы аховы здароўя “Клімавіцкая ЦРБ”.
Намеснік галоўнага ўрача па ідэалагічнай рабоце Ірына Кузьмянкова падрабязна азнаёміла калег з вопытам медабслугоўвання насельніцтва.
Дарэчы, сёлета сістэме аховы здароўя на Клімаўшчыне спаўняецца 150 год. У розны час ля вытокаў медыцыны ў нашай мясцовасці стаялі медыкі-ветэраны Іван Мігаленя, Уладзімір Драздоў, Георгій Яшын, Вольга Качаноўская і іншыя.
Цяпер цэнтральная раённая бальніца ў цэлым укамплектавана сучаснай апаратурай, палепшыліся ўмовы для стацыянарнага лячэння пацыентаў.
У той жа час кадравая праблема застаецца вельмі актуальнай. Адзін з метадаў яе вырашэння, адзначалася на семінары, — актыўная прафарыентацыйная работа сярод моладзі. І, безумоўна, стварэнне сацыяльных умоў для дактароў, сярэдняга медперсаналу. У сферы аховы здароўя зараз працуюць 626 чалавек.
Ірына Кузьмянкова таксама гаварыла аб практыцы работы па выкананню патрабаванняў Дэкрэта № 18 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Тут наладжана сувязь са школамі. Супрацоўнікі бальніцы, чые дзеці вучацца дастойна, заахвочваюцца матэрыяльна.
Вельмі зацікавіла ўдзельнікаў семінара-нарады інфармацыя раённага ваеннага камісара падпалкоўніка Валерыя Цімошыка. Распавядаючы пра задачы, якія вырашаюць Узброеныя Сілы нашай дзяржавы, ён заклікаў моладзь выбіраць ваенную прафесію. У райваенкамаце акажуць дзейсную падтрымку, дапамогуць падрыхтавацца да экзаменаў.
Відэаролік аб стане пажарнай бяспекі і выступленне начальніка РАНС Сяргея Яфрэмава нікога не пакінулі абыякавымі. Людзі гінуць з-за безалаберных адносінаў да агню, стыхійных з’яў.
Аб маючых адбыцца 25 красавіка выбарах дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў, рабоце ідэолагаў у гэты адказнейшы перыяд вяла гаворку начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Марыя Пракопчык.
Вынікі семінара-нарады абагульніла намеснік старшыні райвыканкама Алена Дзівакова.
Мікалай ГЛУЗДОЎ.