Святло душы данесці да людзей

У гэтыя сонечныя веснавыя дні начальнік аддзела культуры Клімавіцкага райвыканкама, член калегіі ўпраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Вольга Хаўранкова прымае сардэчныя віншаванні. Нагода таго вартая. Наша зямлячка ўдастоена дзяржаўнай узнагароды — медаля Францыска Скарыны — за значны ўклад у захаванне і развіццё нацыянальнай культуры і мастацтва.
Высокую ўзнагароду Вользе Мікалаеўне ўручыў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.
— Што Вы адчувалі падчас гэтай знамянальнай падзеі ў Вашым жыцці?
— Акрыленасць, хваляванне і самую звычайную чалавечую радасць. Эмоцый шмат. Лічу, што ўзнагарода — не толькі мая заслуга. Гэта вынік плённай працы калектыву аддзела культуры, дырэктараў структурных падраздзяленняў. Я ім вельмі ўдзячна. Як і кіраўніцтву Клімавіцкага райвыканкама, упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама ў асобе Віталія Грышанава, Анатоля Сінкаўца, усіх, хто даў высокую ацэнку нашай сумеснай творчай рабоце. Зразумела, сваю ролю сыграла тое, што ў Клімавічах штогод ладзіцца Міжнародны фестываль дзіцячай творчасці “Залатая пчолка”.
— Дарэчы, нагадайце, калі ласка, тэрміны правядзення гэтага незабыўнага свята.
— Фестываль будзе праходзіць на працягу пяці дзён, з 26 па 30 мая. Як-ніяк у рангу Міжнароднага мерапрыемства “Залатая пчолка” пройдзе ў дзесяты раз.
— Так разумею, што ў перыяд паміж фестывалямі творчыя сувязі з іх колішнімі ўдзельнікамі не прыпыняюцца.
— Канечне. Мне тэлефануюць як на работу, так і дамоў. Асабліва цесна супрацоўнічаем з Гагаузіяй, Малдовай, Румыніяй (г. Мечын), дзе даводзілася пабываць. Словам, з гарадамі-пабрацімамі, з якімі заключаны адпаведныя дагаворы.
— Каго чакаем у госці сёлетняй вясной?
— Свой удзел у фестывалі пацвердзілі калектывы з 14 краін свету. Сярод іх — Таджыкістан, Арменія, Германія, Бельгія. Павінны таксама прыехаць юныя артысты з Нарвегіі. Паслана запрашэнне ў Польшчу.
Начальнік упраўлення культуры Гагаузіі Дзмітрый Камбур у час свайго візіту ў Турцыю даведаўся, што і з гэтай краіны збіраюцца прыехаць на “Залатую пчолку”. А яшчэ, магчыма, пабачым у сябе прадстаўнікоў Фінляндыі, дзе даведаліся пра фестываль ад петразавадчан.
Новы творчы імпульс атрымліваюць на “Залатой пчолцы” клімавіцкія таленты. Сёлета плануецца, у прыватнасці, выступленне нашых “зорачак”— стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі Дзімы Рыжыкава і ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Жывіца”.
— Вольга Мікалаеўна, чаго б Вы пажадалі клімаўчанам падчас фестывалю і ўвогуле ў будныя дні?
— Большай увагі да чысціні горада, паболей кветак, каб дастойна сустрэць гасцей. Мы, беларусы, заўсёды рады тым, хто прыязджае да нас з дабром. Асабліва дзецям. Будзем чакаць усіх на цікавых, непаўторных фестывальных святах.
Гутарыў Мікола ГЛУЗДОЎ.