Адлегласць атам не спыніла

Звычайнае майскае ранне. Звычайны вясковы клопат: пасвіць жывёлу, засяваць агароды. Цёпла. Сонейка ў небе смяецца. Любата!
Па тэлебачанні даведаліся: аварыя на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Паспачувалі тым: вось бядуюць людзі! Не хваляваліся за сябе: дзе той Чарнобыль, а дзе — Савінічы!
Але чарнобыльскі атам не спынілі адлегласці — клімавіцкая вёска Савінічы апынулася ў зоне радыяцыйнага забруджання.
Галіна Мікалаеўна Захарэнка ў дзяцінстве жыла ў вёсцы Цітаўка Савініцкага сельскага Савета, вучылася ў Савініцкай сярэдняй школе. Пасля заканчэння педвучылішча тры гады працавала ў Скалінскай пачатковай школе, якая адносілася да Брацькавіцкай сярэдняй. Выйшла замуж і з мужам пераехалі ў Савінічы. Стала працаваць у роднай школе: спачатку настаўнікам пачатковых класаў, потым — беларускай мовы і літаратуры (пасля заканчэння завочна педінстытута).
У 1986 годзе ў маладой сям’і было ўжо двое дзяцей — сямігадовы Саша і пяцігадовы Сяргей. Муж, Аляксандр Міхайлавіч, працаваў кінамеханікам. Мелі свой дом, сваю гаспадарку. Жылі, верылі ў будучыню. І тут — Чарнобыль…
Галіна Мікалаеўна ўспамінае:
— Нас не кінулі на волю лёсу. Мы ўжо ў хуткім часе адчулі клопат дзяржавы.
Савінічы былі прыгожай і даволі вялікай вёскай, цэнтрам саўгаса і сельскага Савета. У школе навучаліся каля ста сямідзесяці вучняў. Усе яны — акрамя толькі самых старэйшых класаў — знаходзіліся ў групе падоўжанага дня (дадому, можна сказаць, прыходзілі толькі нанач), атрымлівалі чатырохразовае харчаванне. Прычым, харчаванне вельмі добрае, з прывазных прадуктаў. У нашу школу прывозілі таксама і паўднёвыя плады: вінаград, дыні, кавуны, абрыкосы, персікі. Адзін год нават паклапаціліся пра школьную форму: знялі памеры, прыдбалі абутак і адзенне і выдалі кожнаму вучню бясплатна.
Маці з дзецьмі-дашкольнікамі давалі бясплатныя пуцёўкі на аздараўленне ў розныя санаторыі Савецкага Саюза.
Школьнікі пастаянна выязджалі на адпачынак: у санаторыі Беларусі, а таксама ў Адэсу, Туапсе. У канцы 1989 года на аздараўленне ў Туапсе на чатыры месяцы выязджала ўся школа. Мне не давялося, бо была цяжарная трэцім сынам — Васільком.
У Савінічы прывозілі чыстыя прадукты харчавання: малако ў бутэльках, згушчанае малако, тушонку, шмат чаго іншага.
Першыя гады пра перасяленне гаворкі не было. Наадварот, шмат работ вялося ў самой вёсцы: асфальтавалі вуліцы, праводзілі вадаправод, дэзактывавалі дахі дамоў, нават будавалі домікі, у якія засяляліся маладыя сем’і. Усё гаварыла: Савінічам — жыць!
Але праз пэўны час ”там, наверсе”, відаць, усё ўзважылі і вырашылі, што жыць у дадзенай вёсцы ўсё ж такі небяспечна.
Жыхарам прапанавалі тры асноўныя месцы для далейшага жыцця: Ціманава і Кісялёву Буду, Высокае, дзе будаваліся цэлыя вуліцы з новых дамоў для перасяленцаў. Наша сям’я, як і многія іншыя, выбрала Ціманава.
Трэба зазначыць, што паклапацілася дзяржава не толькі аб жыллі, але і аб працы: у Ціманава быў пабудаваны новы жывёлагадоўчы комплекс, каб забяспечыць перасяленцаў працоўнымі месцамі. Ну, а мяне прынялі ў Ціманаўскую сярэднюю школу настаўнікам пачатковых класаў.
Цяпер, праз дваццаць чатыры гады са дня аварыі на ЧАЭС і дзевятнаццаць гадоў са дня перасялення, я магу ўспамінаць і гаварыць даволі спакойна. А тады гэта была трагедыя для ўсёй нашай вёскі, бяда для ўсёй Беларусі. Дарэчы, вёскі Скалін і Брацькавічы Касцюковіцкага раёна таксама апынуліся ў зоне радыяцыйнага забруджвання і былі адселеныя.
Час лечыць раны. Павырасталі мае сыны: старэйшыя атрымалі вышэйшую адукацыю, у іх ужо свае сем’і, маю ўнука; малодшы зараз вучыцца ў БНТУ. Жыццё працягваецца.
Галіна Цыганкова.