Спецыяліст павінен ведаць…

Спецыяліст павінен ведаць…

Была б ахвота, а веды ў Клімавіцкім дзяржаўным аграрным каледжы даюць надзейныя. Бо тут працуюць выдатныя выкладчыкі — такія, як загадчыца лабараторыі «Кармленне сельскагаспадарчых жывёл» Валянціна Васільеўна Судзілоўская. Тры разы запар (2007-2009 гады) яе выхаванцы прывозілі з рэспубліканскіх алімпіяд толькі вышэйшыя ўзнагароды.
Конкурсы — гэта своеасаблівыя экзамены. Тут таксама навучэнцы правяраюць свае веды. Так, за званне лепшага па дысцыпліне «Кармленне сельскагаспадарчых жывёл» змагаліся дзве каманды трэцякурснікаў заатэхнічнага аддзялення (групы №№ 31 і 32). Капітаны каманд Дзяніс Стрыкаў і Аляксей Вашчылін. Веды ацэньвала кампетэнтнае журы на чале са старшынёй метадычнай камісіі Любоўю Андрэеўнай Ракузавай.
Хлопцы і дзяўчаты з абедзвюх каманд праявілі дасціпнасць і эрудыцыю, майстэрства ўмелых рук у творчых конкурсах, добрыя веды па вучэбнай дысцыпліне.
Журы дакладна ўсё ацаніла, скрупулёзна падлічыла балы і абвясціла вынік.
Абсалютным пераможцам конкурсу стаў Дзяніс Стрыкаў (ён узнагароджаны дыпломам), а таксама перамагла каманда групы № 31.
Галіна Цыганкова.
На здымку: каманда-пераможца — Дзяніс Стрыкаў, Алена Нікіфарава, Кацярына Небіерыдзе, Аляксандр Грышанаў, Крысціна Ботчанка — і выкладчык Валянціна Васільеўна Судзілоўская.