На тыя ж граблі

— Х-хто ў доме гаспадар?! — бразнуў кулачышчам па стале мужык нападпітку. Зазвінелі пустыя шкалікі і паўлітэркі, прачнулася меншая дзяўчынка, якой годзіка не споўнілася.
— Цішэй-цішэй, няхай дзеці спяць, — зашаптала маладая, 24-гадовая, маці. Трох малых пусціла яна на свет. Радавацца б ды жыць. Атрымлівае 800 з лішнім тысяч рублёў дзяржаўнай дапамогі, бясплатныя прадукты харчавання. Дровы… купляе.
Раней сям’я трывогі не выклікала. Пакуль маладуха не прывяла ў дом сужыцеля. Новы “гаспадар” не раз знаходзіўся ў месцах не вельмі аддаленых. Пачаліся выпіўкі.
У час адной сумеснай вячэры адбыўся дзікунскі выпадак. “Закаханыя” пасварыліся. Захмялелы да ачмурэння сужыцель схапіўся за нож. Як сведчаць адпаведныя дакументы, на працягу некалькіх гадзін, да шасці раніцы, нелюдзь нанёс сваёй “палавіне”… мноства цялесных пашкоджанняў вострым лязом нажа.
Бальніца. Давялося забраць для абследавання і дзяцей.
Камісія па справах непаўналетніх прыняла рашэнне змясціць дзетак на 3 месяцы ў сацыяльны прытулак.
Мала што зайшлася маці слязьмі. Выправіцца, перастане любіць чарку — размова можа быць іншай. Тым больш, добрыя прыклады ёсць.
Больш 7 мільёнаў рублёў запазычанасці перад дзяржавай спісалі маці пяцярых дзяцей. За розум яна не ўзялася. Зноў на тыя ж граблі наступіла, п’е. Мужык б’е. Прадуктаў — кот наплакаў. Пад сваю абарону непаўналетніх узяла дзяржава.
… Сядзіць утаропіўшы пустыя вочы ў столь маладая жанчына. Побач быццам бы разважлівы мужчына. Пра што яны думаюць? Ці знойдуць сваю жыццёвую сцяжыну, якая вядзе да паўнацэннага жыцця?
Мікалай РАСКАТАЎ.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *