Калі вельмі захацець

Калі вельмі захацець

Быць прадаўцом марыла з дзяцінства. Дзяўчынкай гуляла з сяброўкамі ў магазін. Дзіцячая мара здзейснілася, і цяпер Таццяна Герасімук не проста прадавец, а дырэктар прыватнага гандлёвага унітарнага прадпрыемства, гаспадыня магазіна «Гермес».
Ва ўсіх справах дапамагае муж Мікалай. Ён — майстар на ўсе рукі: і муляр, і цясляр, і плітачнік-тынкоўшчык. Гэты магазін, дарэчы, ставілі самі: Мікалай Іванавіч — за асноўнага будаўніка, Таццяна Мікалаеўна з сынам Аляксандрам — у падсобніках.
— Галоўнае, вельмі захацець, — паўтарае Таццяна Мікалаеўна, як дэвіз.
«Калі другія могуць, дык чаму ж мы — не?» — прапанавала неяк мужу. І адкрылі ўласную справу.
Пачыналі з адной гандлёвай палаткі, потым займелі дзве. Далей — болей: набылі невялікі павільён, за ім — другі. А цяпер вось і прасторны магазін адкрылі.
Тавары прамысловыя. Можна сказаць, тысяча дробязей і яшчэ тое-сёе. Тут і канцтавары, і электратавары, бытавая хімія і касметыка, а таксама біжутэрыя, трыкатаж і шмат чаго яшчэ.
У магазіне пяць прадаўцоў. Усе адказныя, добразычлівыя. Ветлівасць — візітная картка прадаўца, лічыць гаспадыня.
Уласная справа патрабуе шмат увагі, часу і настойлівасці, тут толькі завіхайся. Але муж і жонка абавязкова знаходзяць вольную часінку для свайго захаплення — рыбалкі. Гэта і азарт, і адпачынак, і найвялікшае задавальненне, лічаць яны. З добрым настроем і жывецца, і працуецца лягчэй.
Галіна Цыганкова.
На здымку: Таццяна і Мікалай Герасімук.