Клімавіцкаму аграрнаму каледжу — 80!

Клімавіцкаму аграрнаму каледжу — 80!

Пры ўездзе ў г. Клімавічы з боку шашы Брэст—Масква, у маляўнічым бярозавым гаі, у трох светлых карпусах размясцілася адна са старэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь — дзяржаўны аграрны каледж, якому сёння спаўняецца 80 гадоў.
Створаны ён быў на базе заводскага вучылішча, якое сваімі каранямі ўваходзіць яшчэ ў дарэвалюцыйную гісторыю. Падрыхтоўкай спецыялістаў для прадпрыемстваў Ціманаўскага павета займаўся рамесны клас мясцовага народнага вучылішча, які размяшчаўся на тэрыторыі сучаснага вучэбнага корпуса № 2.
Гэты клас быў адкрыты па загаду цара Аляксандра ІІІ. Абучэнне для дзяцей сялян і мяшчан Клімавіцкага павета было бясплатным. Для іншых яно каштавала 20 рублёў у год.
У 1908 г. рамесныя класы пераўтвораны ў ніжэйшую рамесную школу. На той час было пабудавана двухпавярховае цаглянае памяшканне. Пры Савецкай уладзе рамеснае вучылішча стала прафтэхшколай. У верасні 1931 г. яна становіцца фабрычна-заводскім вучылішчам. 5 мая 1932 г. на яго базе створаны пчалярскі тэхнікум. Такую назву ён атрымаў невыпадкова. Пчалярства з’яўлялася старажытным рамяством клімаўчан.
У лютым 1933 г. у наш горад з Мар’інагорскага сельскагаспадарчага тэхнікума перавялі дзве групы навучэнцаў. У тым жа годзе тэхнікум быў поўнасцю ўкамплектаваны навучэнцамі ўсіх трох курсаў. Заняткі праводзіліся ў невялікім двухпавярховым цагляным памяшканні, якое пабудавалі ў 1911 г. Акрамя гэтага, навучальнай установе перадалі 5 драўляных жылых дамоў.
У 1934-35 гг. да старога цаглянага памяшкання зрабілі прыбудову з белай цэглы. У такім выглядзе стары корпус праіснаваў да сярэдзіны 70-х гадоў.
Расказвае сённяшні дырэктар каледжа Валянціна Сцяпанаўна Васільева:
— Першым дырэктарам тэхнікума быў прызначаны М.І. Лукомскі, які загінуў у час блакады ў Ленінградзе. Дырэктарамі таксама працавалі Н.А. Хадасевіч, Ф.І.Кандрацько, В.І.Малочка, М.Н.Курашаў, Ф.К.Матарыкін, М.І.Эрдман, Д.Х. Давыдзенка, П.Ф.Балдэсаў, В.Ф.Свістуноў, А.Ф.Ходус, Я.А.Барысевіч, М. М.Жыгалка. Яны аддавалі свае веды і вопыт выхаванню патрыётаў Радзімы, сапраўдных спецыялістаў сельскагаспадарчай вытворчасці. У перадваенныя гады тут падрыхтавалі 578 спецыялістаў сельскай гаспадаркі: 293 заатэхнікаў і 285 тэхнікаў-пчаляроў.
Шмат гераічных падзей у гісторыі навучальнай установы звязана з Вялікай Айчыннай вайной. Многія яе выкладчыкі і навучэнцы загінулі ў барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Дзякуючы энтузіязму людзей разбураны вайной тэхнікум быў у кароткі тэрмін адбудаваны. Вялікая заслуга ў гэтым належыць дырэктару П.Я.Кашпару і ўсяму педагагічнаму калектыву. Ужо ў снежні 1945 года адбыўся першы выпуск спецыялістаў.
З 2002 года гэта — установа адукацыі “Клімавіцкі дзяржаўны аграрны каледж”.
За 80 гадоў работы тут падрыхтавана каля 20 тысяч спецыялістаў сярэдняга звяна для сельскай гаспадаркі. За дасягнутыя поспехі і ў сувязі з 50-годдзем з дня ўтварэння Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР былы саўгас-тэхнікум узнагароджаны Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.
Шмат зрабіў для ўдасканалення выхаваўчай работы, стварэння народнага хору І.А. Баршчоў. Вялікі ўклад у арганізацыю патанатамічнага музея, музея хлеба і прыроды ўнесла В.П.Жыгалка. Пад кіраўніцтвам А.Ф.Ходуса створаны аната-мічны музей.
Сёння ў калектыве каледжа працуе 201 чалавек. Тэарэтычныя, лабараторныя і практычныя заняткі праводзяцца ў абсталяваных тэхнічнымі сродкамі навучання 18 кабінетах, 32 лабараторыях, размешчаных у трох светлых карпусах на 1770 месцаў, ветэрынарнай клініцы, вытворчых майстэрнях, вучэбна-вытворчай ферме буйнай рагатай жывёлы, свінаферме, пчалінай пасецы.
Да паслуг навучэнцаў адміністрацыйна-бытавы корпус з актавай залай, тры добраўпарадкаваныя інтэрнаты, бібліятэка, сталовая, тры спартыўныя залы. Зроблена кафэ для моладзі, дзе рэгулярна праводзяцца дыскатэкі, вечары адпачынку і іншыя мерапрыемствы.
На працягу значнага часу ў каледжы працуюць розныя аб’яднанні па інтарэсах. Цікава і змястоўна арганізавана работа клубаў “Афрадыта” і “Гаспадынька”, вакальна-інструментальнага ансамбля, народнага хору і інш.
На летні перыяд тут ствараюцца студэнцкія атрады, якія працуюць на розных аб’ектах раёна. Створаны і дзейнічаюць арганізацыя БРСМ, добраахвотная народная дружына з ліку выкладчыкаў і навучэнцаў, валанцёрскі атрад “Ветэран”.
Многія з выпускнікоў каледжа ўдастоены высокіх урадавых узнагарод, займаюць адказныя дзяржаўныя пасады. Сярод іх — доктары ветэрынарных навук М.А.Кавалёў, А.С.Шашэнька, І.М.Ігнаценка і іншыя. Многія, вярнуўшыся ў наш горад пасля заканчэння вышэйшых навучальных устаноў, працы на вытворчасці, зараз аддаюць свае веды і вопыт навучэнцам. Гэта А.К.Савіцкі, У.М.Босаў, Н.П. Дземідовіч, П.А.Гамолка, Л.У. Філінава, іншыя іх калегі.
Добрасумленна працуюць выкладчыкі Л.М.Тужыкава, Э.В. Бяляцкая, В.М.Чыгрэцкая, У.І. Загорскі, У.В.Трусаў, Л.А.Ракузава, А.А.Базылевіч, Л.В.Пусянкова і іншыя.
Вялікі ўклад у падрыхтоўку спецыялістаў сельскай гаспадаркі ўнеслі заслужаныя выкладчыкі БССР: А.Е.Ціханава, М.Ф.Шыпінская, Т.А.Пісьмянкова, выкладчыкі А.Б.Давыдоў, М.А.Гараднічы, Л.А.Цілігузаў, Я.П.Багамазаў, Б.П.Варонін, Р.М.Ласковіч, М.Л.Ласковіч, Т.З.Салдаценкава, Д.В.Смірноў, Т.М.Каравінская, Д.М.Баранава, Г.А.Рабава і многія іншыя.
За дасягнутыя поспехі ў падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці каледж неаднаразова ўзнагароджваўся Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР, Граматамі і Дыпломамі Міністэрства сельскай гаспадаркі.
Свой 80-гадовы юбілей калектыў навучальнай установы сустракае добрымі вытворчымі паказчыкамі. Тут атрымана ўраджайнасць зерня 39,9 цэнтнера з гектара, бульбы — 370 цэнтнераў, надоена 5160 кілаграмаў малака на карову. Сярэднясутачная прывага на адкорме і дарошчванні склала 653 грамы.
У перспектыве наша навучальная ўстанова будзе змагацца за статус “вышэйшы каледж”. З надзеяй думаем пра пашырэнне колькасці спецыяльнасцяў.
Сёння ў кабінетах і лабараторыях нашай установы займаюцца 640 юнакоў і дзяўчат. Уперадзе — складаны шлях пошуку і карпатлівай працы.
Шчыра віншую ўвесь калектыў з юбілеем і жадаю новых поспехаў на карысць нашай Радзімы!
Падрыхтаваў Мікалай ГЛУЗДОЎ.
На здымку (злева направа): загадчык завочнага аддзялення Аляксандр Савіцкі, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Пётр Гамолка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Андрэй Данека, загадчык аддзялення тэхзабеспячэння працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці Юрый Мукалаў, загадчык ветэрынарнага аддзялення Уладзімір Босаў, загадчык заатэхнічнага аддзялення Наталля Дземідовіч.