Жыгаліна нясе варту

Жыгаліна нясе варту

Хутка ў Астры пачнецца вясенні пад’ём вады, і тады ў Лідзіі Жыгалінай з в. Хадунь, назіральніка гідраметэаралагічнага паста, спраў значна прыбавіцца. Калі пад’ём вады за суткі перавышае дзесяць сантыметраў, замеры яна робіць у два разы часцей: у 2.00, у 8.00, у 14.00 і 20.00.
— Гэты гідралагічны пост заснаваны ў 1943 годзе, — кажа спецыяліст. — Назіранні вяду штодзень: і калі таўшчыня лёду перавышае паўметра, і калі рэчка месцамі амаль перасыхае ў летнюю спёку. Сачу за атмасфернымі з’явамі, мераю ўзровень і расход вады ў рэчцы, яе тэмпературу. Справаздачу па назіраннях адсылаю ў абласны гідраметэацэнтр.
Лідзія Васільеўна сумяшчае працу гідролага з паштальёнскай і спраўляецца цудоўна. Да таго ж яна больш за дзесяць гадоў з’яўляецца дэпутатам Дамамерыцкага сельскага Савета дэпутатаў, нязменная стараста вёсак Хадунь і Ганнаўка.
— Актывісткай была з пачатковых класаў: старастай, важатай, старшынёй піянерскай дружыны, — успамінае Жыгаліна. — І зараз, нягледзячы на тое, што такая грамадская дзейнасць патрабуе нямала часу, я раблю сваю справу з ахвотай, бо разумею, што людзі мне давяраюць, а я павінна апраўдаць іх спадзяванні.
Лідзія Васільеўна ў свой час павандравала па свеце і пераканалася ў добра вядомых словах: не шукай ты шчасця-долі на чужой старонцы. Яна пасля школы паехала ў Ленінград атрымоўваць прафесію сувязіста. Затым працавала ў Смаленску, потым — ва Украіне, а ў 1985 годзе вярнулася разам з мужам і сынам на сваю малую радзіму — у вёску Хадунь.
Яе ж сястра і брат жывуць у Віцебску, другі брат — у Піцеры, а трэці — у суседняй вёсцы Хатовіж.
— У вёсцы я самая маладая, — кажа Лідзія Жыгаліна. — Зараз тут засталося ўсяго каля трыццаці чалавек. Летам жа сюды, у бацькоўскія хаты, вяртаюцца дачнікі, на вуліцах чуваць дзіцячыя галасы ўнукаў, якія прыехалі да бабуль. На бераг Астра “злятаюцца” адпачыць многія жыхары раёна… У нас вельмі прыгожая мясцовасць. За маёй хатай — лес, побач — рэчка. Глядзіш на навакольную прыгажосць — і сэрца радуецца! Вясна — мая любімая пара года. Люблю назіраць за тым, як абуджаецца ад зімовага сну прырода.
Лідзія Васільеўна — шчаслівая матуля і бабуля. Старэйшы сын Васіль працягнуў справу бацькі — стаў ваенным. Жыве ў Слоніме, выхоўвае трохгадовую дачушку Алісу. Дачка Вольга сваё сямейнае шчасце будуе ў Магілёве. Пяць месяцаў назад яна ашчаслівіла матулю, нарадзіўшы ёй унучку Насцечку.
У Лідзіі Жыгалінай багата розных захапленняў. Яна і рэчы прыгожыя вяжа для дзяцей і ўнукаў, і парыбачыць любіць… А колькі прыгожых кветак вырошчвае! Дарэчы, па іх яе хату пазнаеш здалёк. Каляровы дыван прыемна цешыць вока з вясны і да першых замаразкаў, а таксама бязгучна заклікае зрабіць падобнае ў сябе. Лідзія Васільеўна вядзе ўласны дзённік, дзе занатоўвае важныя падзеі, свае думкі, піша вершы, многія з якіх прысвечаны роднай старонцы.
Таццяна Малініна.