Ад цаліны да энергетыкі і паэзіі

Ад цаліны да энергетыкі і паэзіі

Гаспадара дома застаём у садку за працай — завіхаецца над хаткай для пчолак. «Пчаляру круглы год работа, — кажа Уладзімір Ільіч Сідарэнка (а менавіта да яго мы і прыехалі ў госці). — Вось гэты нежылы вулей трэба падрамантаваць — падрыхтаваць да лета. Пачнуць пчолкі раіцца — глядзіш, і засялю, і зноў домік ажыве».
У аграгарадку Макеевічы дом Уладзіміра Ільіча далёка не з апошніх: прасторны, дыхтоўны, прыгожы, дагледжаны. Добры агарод, садок з некалькімі радамі вулляў. І ў доме парадак: цёпла, чыста. Усё ёсць: і вада, у тым ліку гарачая (бойлер), і пральная машына-аўтамат, вялікі плазменны тэлевізар… Толькі пуста стала ў хаце — пайшла з жыцця яго любімая Зоя Іванаўна, з якой не адзін дзясятак гадоў пражылі душа ў душу.
Нарадзіўся Уладзімір Ільіч Сідарэнка ў 1932 годзе ў г. Краматорск Данецкай вобласці. Маці працавала поварам, бацька — на заводзе слесарам (завербаваліся ў 1929 годзе). Бацька быў з Шумяцкага раёна, маці — з нашага, Клімавіцкага, з в. Перавалочня (побач з Макеевічамі). Але вайну сям’я сустракала ўжо ў Перавалочні, куды паспела пераехаць з Украіны. Бацька пайшоў на фронт, быў цяжка паранены, лячыўся ў шпіталі, а потым ваяваў у Войску Польскім. Пасля перамогі вярнуўся дадому.
У школу Уладзімір Ільіч пайшоў пасля вызвалення вёскі ад фашыстаў. Скончыў шэсць класаў і запісаўся ў школу ФЗН (фабрычна-заводскага навучання) — захацеў, кажа, самастойнага жыцця. Папрацаваў некаторы час у Мінску і падаўся ва Украіну, дзе жыла стрыечная сястра. Яе муж дапамог уладкавацца ў Горлаўку на шахту, дзе Уладзімір і здабываў вугольчык да прызыву ў армію. Нялёгка было працаваць, але хлопцу падабалася.
— Хацеў і пасля арміі вярнуцца на шахту, ды маці адгаварыла: «Што ж ты, працы цікавейшай не знойдзеш?» — «Знайду!» — адказваю. — І вырашыў пайсці ў школу механізацыі. А там як раз група хлопцаў падабралася — такіх, як я, пасля арміі. Дырэктар і прапанаваў: «А што, хлопцы, згодны паўгода на камбайнера вучыцца, а затым — на цаліну?» — «Згодныя!» — адказваем. — «Пішыце заявы!»
Мне яшчэ заставалася трохі павучыцца, як прыехала ў вёску суседка Зоя. Не бачыліся даўно, я яе памятаў яшчэ няскладнай дзяўчынкай, а тут — прыгажуня! Малады спецыяліст — толькі што скончыла Калінінградскі бухгалтарскі тэхнікум.
Пагаварылі, тыдзень пасустракаліся, і — пажаніліся. А пасля тэхнікума яе адпраўлялі працаваць на цаліну. Я ёй кажу: «Едзь, і я да цябе прыеду!» Неўзабаве ад каханай прыйшоў ліст: «Працую бухгалтарам у саўгасе». Папрасіўся і я ў гэты саўгас па заканчэнні школы механізацыі, у Акмолінскую вобласць, а нас накіравалі ў Паўночна-Казахстанскую. Але я ўсё роўна паехаў у Акмолінск, прыйшоў да абласнога начальніка сельскай гаспадаркі, прашу: «Дазвольце мне працаваць разам з жонкай!» — «А ў якім яна саўгасе?» Я назваў. Начальнік патэлефанаваў дырэктару, удакладніў. «Так, жонка працуе, — пацвердзіў той. — Накіроўвайце, я яго без дакументаў вазьму — мне камбайнеры патрэбныя!» А дакументы мае — пашпарт, атэстат — ехалі разам з асноўнай групай і ў мой саўгас прыйшлі праз месяц, калі я ўжо працаваў (прынеслі прама ў кантору — іх жонка і атрымала).
Спачатку быў толькі камбайнерам. Затым скончыў курсы шафёраў. Замацавалі за мной і камбайн, і машыну (ЗІЛ-самазвал), далі памочніка. Нажну збожжа поўны кузаў — і вязу на ток. А без мяне памочнік працуе. Цэлы дзень, як заведзены: нажаў — адвёз — выгрузіў — прыехаў… І так — да заходу сонца. З апошнім рэйсам загружаўся збожжам і вёз яго на элеватар. Наша брыгада ад саўгаса была за 50 кіламетраў, а элеватар — яшчэ за 60. Разгружуся, вярнуся на стан, трохі перадрамлю — і зноў да камбайна.
На цаліне сам быў тры гады, а разам з жонкай — два: нарадзіўся сын, яму не пайшоў клімат. Так жонка з дзіцём вярнулася ў родную Перавалочню першай, а за ёй ужо прыехаў і я.
Па вяртанні Уладзімір Ільіч працаваў спачатку шафёрам. Потым скончыў курсы электрыкаў, і яго ўзялі ў саўгас «Макеевічы» энергетыкам. Калі магутнасці сталі павялічвацца, кажа, атрымаў пасаду інжынера-электрыка. З тым і прапрацаваў да самай пенсіі.
Паважаным чалавекам, выдатным спецыялістам была і жонка, Зоя Іванаўна. Працавала ў саўгасе бухгалтарам, галоўным бухгалтарам, намеснікам галоўнага бухгалтара.
Выгадавалі і вывелі ў людзі траіх дзяцей. Старэйшы, Валерый, скончыў тэхнікум у Клічаве; ажаніўшыся, з’ехаў на Брэстчыну. Дачка Галіна пасля Рослаўскага медвучылішча працавала ў абласной бальніцы. Цяпер на пенсіі, жыве ў Магілёве.
Дачка Любоў скончыла фізмат Магілёўскага педінстытута. Выйшла замуж за ваеннага. Паездзіла з мужам па Расіі. Зараз жыве ў Маскве. Муж з адзнакай скончыў ваенную акадэмію, начальнік штаба; Любоў таксама служыла старэйшым прапаршчыкам, выйшла ў 45 гадоў у адстаўку, цяпер працуе менеджарам у прыватнай фірме.
Родныя тэлефануюць, прыязджаюць, дапамагаюць. А Уладзімір Ільіч і сам працаваць любіць. Трымае курэй, парася; урадзілі сёлета бульба, цыбуля, балгарскі перац. «Трэба дзецям дапамагчы, — клапоціцца бацька. — Сваё — не тое, што куплёнае!»
Уладзімір Сідарэнка — даўні пазаштатны аўтар нашай раённай газеты. Яго вершы не раз друкаваліся на старонках раёнкі. Перадаў ён парачку новых сваіх твораў і пры цяперашняй сустрэчы. Будзем сябраваць!
Галіна Цыганкова.