Паэтэса з Рэкты

1612122 студзеня наша зямлячка, ураджэнка вёскі Рэкта, сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў Лідзія Мініч (Андрэева) адзначыць свой 75-гадовы юбілей. Амаль паўстагоддзя адпрацавала Лідзія Андрэеўна ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі. Яна кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт. Аб ёй з гонарам і павагай адзываюцца калегі. Усё жыццё яна самааддана служыць справе і людзям. Пасля выхаду на пенсію, у 1999 годзе, Лідзія Андрэеўна сваё прызначэнне знайшла ў паэзіі.                       Нарадзілася Лідзія Мініч (у дзявоцтве Галкоўская) 22 студзеня 1940 года ў в. Рэкта Клімавіцкага раёна ў сялянскай сям’і. Сярэднюю адукацыю атрымала ў Клімавічах, затым вучылася на заатэхнічным факультэце Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Пасля вучобы ў аспірантуры ў 1969 годзе перайшла на навукова-выкладчыцкую працу, выкладала на зааінжынерным факультэце акадэміі.
Вершы пачала пісаць пасля выхаду на пенсію. Выходзяць яны пад псеўданімам Андрэева. Першыя яе творы з’явіліся ў 1999 годзе на старонках горацкай раённай газеты «Ленінскі шлях». У 2005 з’явіўся першы зборнік «Спяшу сказать…». Усяго выйшла шэсць паэтычных зборнікаў аўтара: «Жыватворная крыніца» (2007), «Мая сям’я ад А да Я: вершы для дзяцей» (2010), «Споведзь» (2010), «На хвалях вечнасці: міфы і легенды ў вершах» (2012), «І боль, і мары, і любоў» (2013).
Глыбокія, лірычныя вершы Лідзіі Андрэевай знайшлі водгук у сэрцах шматлікіх прыхільнікаў яе паэзіі.
Найбольш яскравым выданнем з’яўляецца кніжка для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту «Мая сям’я ад А да Я», якая ўяўляе сабой вершаваны алфавіт з незвычайным мастацкім афармленнем. Ілюстрацыямі сталі малюнкі пераможцаў IV міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «На сваёй зямлі», які штогод праводзіць экалагічная арганізацыя «Беларускі зялёны крыж».
У зборніку паказаны адносіны дабрыні, любові і павагі ў сямі’і, любоў да Радзімы і сваёй роднай мовы.
Адзначаць Беларускасці Важнасць — Гэта Добрая Дзея Ёсць Еднасці, Жыццёвае Запатрабаванне. ІначаЙ Кажучы, Любіць Мову Неабходна: Одум Пераконвае, Розум Сцвярджае. Толькі Ўведаўшы, Уратуеш Фальклорнае Хараство. Цярпліва Чэрпай Штодня Эліксір Юнацкасці Яе — менавіта так, незвычайна і арыгінальна выказваючы сваю думку, Лідзія Мініч прадставіла поўны беларускі алфавіт (радкі гэтыя не ўвайшлі ў зборнік).
— На паэтычнае станаўленне моцна паўплывала творчасць Аркадзя Куляшова, — прызналася пры размове паэтэса. — Я вельмі любіла чытаць яго творы.
Падзялілася са мной наша зямлячка і сваімі думкамі, творчымі планамі на будучыню. Яны ў яе звязаны з радзімай. Лідзія Андрэеўна марыць напісаць успаміны пра родную вёску і сваю сям’ю.
Дар’я Эверс.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *