Дапамагае песня

16376Адбылося чарговае пасяджэнне клуба ветэранаў педагагічнай працы «Натхненне». Прыйшлі на яго не толькі клімаўчане, але і жыхары вёсак. Былыя настаўнікі і кіраўнікі школ прымаюць актыўны ўдзел у працы клуба. Прыемна, што нават на пенсіі людзі не сядзяць склаўшы рукі, а сустракаюцца, маюць зносіны, чытаюць вершы і спяваюць песні. Гэтым разам сустрэча прайшла пад дэвізам «Нам песня жыць дапамагае».                                                — Кожны чалавек, няхай гэта будзе настаўнік, лекар, работнік сельскай гаспадаркі, мае якое-небудзь хобі: малюе, вырошчвае кветкі, піша вершы; а хтосьці любіць спяваць, — сказала старшыня раённага савета ветэранаў педагагічнай працы Валянціна Міхайлаўна Падгорская, — тут сабраліся аматары спеваў — гэта іх хобі.
Невялікі экскурс у гісторыю фальклора правяла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 4 Людміла Юр’еўна Будагоўская. Свой выступ яна пачала словамі нашага славутага паэта Янкі Купалы «Ад прадзедаў спакон вякоў Мне засталася спадчына. Паміж сваіх і чужакоў Яна мне ласкай матчынай». «Менавіта гэтай спадчынай для нас з’яўляецца наша беларуская песня, — адзначыла Людміла Юр’еўна. — Беларускі народ вельмі песенны. Ён складаў песні на працягу вякоў. У іх укладалася ўсё: радасці і перажыванні, пачуцці, мары і на-дзеі. З песняй самая цяжкая праца станавілася лягчэйшай».
Выступалі і іншыя ветэраны педагагічнай працы. Ганна Іванаўна Філіпенка з аграгарадка Мілаславічы ў свой час была кіраўніком школьнага хору, ужо на пенсіі спявала ў ансамблі. Зараз спявае ў царкоўным хоры.
Таццяна Міленцьеўна Асмалоўская ўсё жыццё працавала настаўнікам пачатковых класаў.
Кіра Сямёнаўна Курцікава была настаўніцай Ціманаўскай сярэдняй школы. Увесь час спявала: у школе, у клубе, выступала на раённай сцэне.
Ніна Андрэеўна Абулхаірава, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 2 (зараз — раённая гімназія), вырасла ў шматдзетнай сям’і. Спачатку спявала калыханкі для малодшых братоў і сястрычак, а пасля — для сваіх дзяцей. Іх у самой жанчыны пяцёра.
Спявалі і распавядалі пра жыццё і Ніна Уладзіміраўна Раманенка (у мінулым — кіраўнік Дубравіцкай базавай школы); Марыя Васільеўна Сяднёва выдала бойкія прыпеўкі.
Як высветлілася, усе, хто прыйшоў на сустрэчу, добра спяваюць. Выступалі і Анатоль Іванавіч Максімовіч, і Вера Іванаўна Дробышава, і Людміла Іванаўна Шукава, якая сама напісала верш і музыку. Дарэчы, песня Людмілы Іванаўны пра пенсіянераў стала гімнам клуба «Натхненне». Акампаніраваў усім Віктар Жарабенка.
Людміла Рыськова.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *