Нас пазнаёміла свята

17537АЛЕНА Мікалаеўна Папкова — жыхарка аграгарадка Звянчатка, — бібліятэкар мясцовай бібліятэкі.
“Вось як бывае: і вёскі нашы суседнія, і вучыліся мы разам, у адной школе, а пазнаёміліся на Новы год, ужо дарослымі”, — усміхаецца жанчына, успамінаючы часы юнацтва.
На мой крыху здзіўлены позірк адказвае:
— Ну, Сяргей на тры гады старэйшы за мяне. Натуральна, вучыўся на тры класы вышэй. І я, малеча, на большых хлапцоў не заглядвалася. У школе вучняў тады было нямала, так што ўсіх не ведала. А потым пасля васьмі класаў (у Звянчатцы тады была школа-васьмігодка) ён пайшоў вучыцца ў Вялікамохскую сярэднюю школу, у ПТВ, далей — служба ў арміі, у Бабруйску. А там і я падрасла: таксама пасля васьмі класаў паехада вучыцца — у Бабруйск жа, на бухгалтара. І была ў нас у Бабруйску выпадковая сустрэча. Праўда, я, зноў жа, яго не заўважыла, а ён, як пасля сказаў, бачыў мяне з сяброўкамі (у тэхнікум мы паступілі ўтрох — дзяўчынкі-зямлячкі), але не рашыўся падысці. Хоць я, як высветлілася пасля, тады ўжо яму падабалася.
Скончыла я тэхнікум, вярнулася на радзіму і ўладкавалася бухгалтарам у Кісялёва-Будскі сельскі Савет. Прыйшоў з арміі і ён.
І вось моладзь дамовілася святкаваць Новы год у Папаратцы (вёска гэта кіламетры за два ад Звянчаткі). Сяргей папрасіў сябра, каб той запрасіў на гэту сустрэчу разам са сваёй дзяўчынай і мяне, яе сяброўку. Ну, а ўжо падчас святкавання мой будучы сужэнец ад мяне не адыходзіў і, канечне ж, праводзіў дадому. Гэта было наша першае спатканне.
Зараз, сучаснай моладзі, тое, можа, падалося б і смешным, але тады хлопцы (вясковыя, прынамсі) рукі не распускалі. Мой Сяргей дакрануцца да мяне баяўся — сціпленька так праводзіў дадому, сціпленька і развіталіся — нават рукі адзін аднаму не паціснулі. Але новае спатканне прызначылі. А летам, у ліпені, і вяселле згулялі. Вось разам па жыцці ідзём ужо дваццаць сем гадоў.
Алена Мікалаеўна і Сяргей Віктаравіч выгадавалі дваіх дзяцей. Муж працуе механізатарам у філіяле “Прыгранічны” ААТ “Клімавіцкі камбінат хлебапрадуктаў”. Выдатны працаўнік, перадавік. Дачка Кацярына з мужам Сямёнам падарылі бабулі з дзядулем у кастрычніку гэтага года ўнучку Соф’ю. Сын Яўген атрымаў вышэйшую адукацыю і зараз служыць у арміі ў Магілёве. Сёлета ў яго будзе першы армейскі Новы год, і ў навагоднюю ноч, як кажа маці, ён будзе знаходзіцца ў патрулі.
І яшчэ некалькімі падзеямі адзначаны для Алены Мікалаеўны 2015 год: юбілеем — 13 снежня 75-годдзе сустрэла яе маці, Марыя Пятроўна; дасягненнем: Звянчацкая бібліятэка заняла другое месца ў рэспубліканскім конкурсе “Бібліятэка — асяродак нацыянальнай культуры”.
На свята матулі дзецям здалёку прыязджаць не давялося: усе чацвёра — тры дачкі і сын — жывуць тут жа, у Звянчатцы.
Звянчацкая бібліятэка адна з лепшых у раёне, а бібліятэкар — нераўнадушны чалавек і выдатны спецыяліст. Зараз не той час, каб можно было заспакоіцца на адной, так мовіць, кнігавыдачы. Чытача трэба зацікавіць, прывабіць у бібліятэку.
— Прыходжу ў школу, хаджу па дамах; праводзім розныя акцыі, іншыя мерапрыемствы з удзелам дарослых і дзяцей, — расказвае Алена Мікалаеўна. — На базе бібліятэкі працуе Цэнтр духоўнай асветы, у нас шмат літаратуры на дадзеную тэматыку. І, трэба сказаць, людзі цікавяцца, ахвотна чытаюць. Часта з наведвальнікамі сустракаецца настаяцель Мілаславіцкай і Звянчацкай цэркваў айцец Мікалай. Ён цікавы субяседнік, сустрэчы праходзяць цёпла і ажыўлена.
У вёсцы заўсёды шмат работы — і ў хаце, і ў агародзе. Алена Мікалаеўна вельмі любіць сад і кветкі. Выпісвае насенне, абменьваецца расадай са знаёмымі. Грэцкія арэхі, яблыні, грушы, вінаград і іншыя кусты і дрэвы знайшлі сабе месца на не такім ужо і вялікім агародзе Папковых. Так, Сяргей Віктаравіч таксама не ўбаку ад гаспадарчых клопатаў. Разам яны робяць сумеснае жытло ўтульным, а жыццё — шчаслівым.
Галіна ЦЫГАНКОВА.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *