Суседства муз і натхнення

“Паэзія існуе не для таго, каб мы вывучалі яе ці крытыкавалі яе, а для таго, каб мы ёю жылі”, — пісаў рускі і савецкі паэт Карней Чукоўскі. Лічыцца, што самыя старажытныя вершы-гімны былі складзены яшчэ ў 2-3-м стагоддзі да нашай эры. Вось такая яна, паэзія: старажытная, і заўжды сучасная і маладая.
Значнасць паэзіі падкрэслівае і тое, што ў 1999 годзе ЮНЕСКА вынесла рашэнне 21 сакавіка 17921адзначаць Сусветны дзень паэзіі. Цэнтральная раённая бібліятэка — асяродак культуры з вялікай літары і месца арганізацый цікавых сустрэч. Не раз тут ладзіліся і паэтычныя сустрэчы. Гэтым разам бібліятэка запрасіла стваральнікаў вершаў розных пакаленняў і вопыту. “За круглым сталом” сустрэліся ветэран працы Мікалай Кавалёў, бард Аляксандр Пукілаў, майстар вершаванага радка і прозы Аляксандр Даменікан, уладальнік рознабаковых здольнасцяў Раман Пяськоўскі, малады аўтар Ганна Жылінская, таленавітая зорачка, навучэнка 11 класа СШ № 3 Вікторыя Сцепанюк, а таксама аўтар гэтых радкоў, проста аматары паэзіі.
“У кожнага свае адносіны да паэтычнага слова. Некага яно пакідае абыякавым. Хтосьці толькі-толькі адкрыў яго для сябе. А хтосьці не можа без яго жыць.Тым не менш, паэзія робіць наша жыццё больш багатым, надаючы звычайнаму слову асаблівую магію” — вось такія словы для паэзіі знайшлі вядучыя сустрэчы, супрацоўнікі бібліятэкі Ларыса Мамрыкава і Людміла Шведава.
У 2014 годзе бібліятэцы прысвоена імя нашага земляка з вёскі Недзведзь паэта Івана Пехцерава. Калектывам установы начале з дырэктарам Таццянай Даменікан вядзецца карпатлівая работа па збору матэрыялаў пра паэта: вывучэнне літаратурнай і журналісцкай спадчыны, сустрэчы з людзьмі, якія ведалі Івана Пехцерава — роднымі, аднавяскоўцамі, калегамі. У выніку гэтай працы арганізавана выстава-экспазіцыя, у цэнтры якой змешчаны партрэт паэта. На экспазіцыі прадстаўлены кнігі знакамітага земляка, літаратура пра яго жыццё і творчасць, фатаграфіі, яго рукапісныя матэрыялы. Частка дакументаў — падарунак жонкі пісьменніка Галіны Іванаўны Аннушкінай і спецыялістаў Магілёўскай абласной бібліятэкі імя У.І.Леніна. Дапаўняюць экспазіцыю інфармацыйныя матэрыялы, падрыхтаваныя супрацоўнікамі раённай бібліятэкі.
Успаміналася імя Івана Пехцерава і падчас дадзенай сустрэчы.
Галіна ЦЫГАНКОВА.