А на Івана Купалу…

Купальскія вогнішчы, сустрэчы з русалкамі, вянкі на рацэ — з даўніх часоў продкі верылі, што ў гэтую чароўную ноч з людзьмі могуць адбывацца ўсялякія цуды. Верылі, што на свята Купалля, па народных павер’ях, вада можа сябраваць з агнём і гэты саюз з’яўляецца прыроднай сілай.
Ноч з 6 на 7 ліпеня лічылася чароўнай. У гэты час адзначалі старажытнае свята Івана Купалы.
Як вядома, славяне да прыходу праваслаўя пакланяліся шматлікім багам, адным з якіх быў бог лета Купала. Яго апісвалі як прыгожага маладога мужчыну ў вянку з жоўтых кветак. Маецца сумная легенда. У раннім дзяцінстве Купала быў разлучаны са сваёй роднай сястрой, а потым, сустрэўшы яе праз шмат гадоў, закахаўся ў чароўную дзяўчыну і ажаніўся з ёй, ня ведаючы, што звязаў сябе вузамі са сваячкай.
Скончылася гэтая гісторыя трагічна: даведаўшыся праўду, брат і сястра ўтапіліся.
Таксама, па павер’і, у ноч на Івана Купалу дрэвы пераходзяць з месца на месца і размаўляюць паміж сабой пошаптам лісця. Гутараць адзін з адным жывёлы і нават травы, якія гэтай ноччу напаўняюцца асаблівай, цудадзейнай сілай.
Для дзяўчат мелася верная прыкмета, звязаная з зёлкамі: у поўнач трэба было нарваць кветак з заплюшчанымі вачамі ды пакласці іх пад падушку, а раніцай праверыць, ці набралася 12 розных траў. Калі так, то дзяўчына ў гэтым годзе магла чакаць жаніха.
Але галоўным героем Іванава дня з’яўляецца кветка папараці. Кажуць, што роўна апоўначы ўсяго на некалькі імгненняў раскрываецца яе чароўнае вогненнае вока і што таму, хто паспее яе сарваць, становіцца бачным любы клад, як бы глыбока гэты клад ні знаходзіўся, і ўсе жаданні ўладальніка кветачкі папараці спраўджваюцца.
На нашым свяце Купалля ў гарадскім гаі сабралася шмат клімаўчан. Тыя, хто прыйшлі, трапілі ў свет міфаў, казак і таямніц. Вадзілі карагоды вакол вогнішча, весяліліся, гулялі ў розныя гульні.
Традыцыйна на свяце гучалі купальскія песні, якія людзі з задавальненнем спявалі разам з артыстамі.
Як і заўсёды, працаваў выязны гандаль: тут вам і марозіва, і шашлыкі, і прысмакі, і сокі з іншымі безалкагольнымі напоямі. Для малых бацькі куплялі сувеніры, цацкі. Таксама стаялі батуты, з якіх даносіўся вясёлы звонкі дзіцячы смех, бо малыя з задавальненнем скакалі па сетцы.
Знайшлася і кветка папараці, якую надзейна ахоўвалі ўсялякія нячысцікі і сама купальская ноч.
Ролі Купаліша і Купалінкі выконвалі Дзмітрый Агееў і Вікторыя Іванова.
Можна не сумнявацца, што клімаўчане атрымалі шмат задавальнення ад свята і будуць з нецярпеннем чакаць наступнага года, каб зноў прыйсці на Купалле.
Людміла Рыськова.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован.