На Клімаўшчыне святкавалі зажынкі

Сонечны жнівеньскі дзень. На шырокім полі ААТ “Племзавод “Ціманава”, што пачынаецца адразу ж за аграгарадком, роўнай густой сцяной стаіць пшаніца. Чыстая, без пустазелля. Буйны паспелы важкі колас клоніць долу свой голаў. Хваля за хваляй прабягае па пшанічным моры — іх раз-пораз падганяе цёплы летні вецер.

Свята першага снапа — зажынкі— адбылося на Клімаўшчыне. Прыпазніліся яны трохі сёлета — у мінулым годзе ў гэты час жніво ў раёне ўжо ішло поўным ходам. Таму і праца хлебаробаў будзе асабліва напружанай, і адказнасці болей — трэба ўбраць ураджай у самы сціслы тэрмін. Прытым — якасна. Але — нічога: было б надвор’е, а працаўнікі не падвядуць.
Выстраіліся на полі камбайны, аўтамашыны. Чакаюць загаду на працу камбайнеры. Сабраліся госці (а дакладней — гаспадары палёў): кіраўнікі сельгасарганізацый.
Пачынаецца свята. Абрад праводзяць удзельнікі ансамбля народнай песні “Весялуха” Ціманаўскага сельскага Дома культуры і работнікі раённага цэнтра культуры.
З пачаткам жніва павіншаваў прысутных старшыня райвыканкама Васіль Захарэнка. Ён адзначыў важнасць гэтай сельскагаспадарчай кампаніі, падкрэсліўшы, што ва ўраджаі закладзена праца многіх людзей: тых, хто рыхтаваў глебу і насенне, хто сеяў, даглядаў пасевы. І зараз ад кожнага — ад кіраўніка да радавога працаўніка — залежыць лёс ураджаю, які выпеставаны дбайнай рукой хлебароба. Без хлеба няма жыцця. Таму кожны павінны зараз папрацаваць сумленна і рупліва, каб упэўнена глядзець у будучыню.
Здароўя, шчасця, высокіх намалотаў пажадаў старшыня райвыканкама хлебаробам племзавода і ўсёй Клімаўшчыны.
У мінулым годзе лепшай гаспадаркай на жніве быў прызнаны філіял КХП “Прыгранічны”. За дасягненне высокіх паказчыкаў у працы Падзяку Магілёўскага аблвыканкама атрымаў дырэктар філіяла Ігар Коцікаў. Васіль Захарэнка павіншаваў кіраўніка з гэтай узнагародай.

Старшыня райвыканкама Васіль Захарэнка віншуе дырэктара філіяла “Прыгранічны” Ігара Коцікава.

Адказны момант: жняя (Таццяна Фрузорава) нажынае першы сноп і перадае яго старшыні райвыканкама.

 

Тры разы падымае важкі сноп угару Васіль Аляксеевіч — каб высокім быў умалот, каб шчодрым на добрае надвор’е было неба, каб Клімаўшчына была з хлебам.


Снапы, крыху меньшыя па памеру, уручаюцца таксама начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Дзмітрыю Марціновічу і дырэктару племзавода “Ціманава” Рыгору Бастуну.
Дзяўчаты частуюць камбайнераў, вадзіцелей хлебам з мукі мінулага года, адломліваючы кожнаму ад бохана па кавалку: “Пачастуйцеся, даражэнькія, набярыцеся моцы, каб паспяхова новы хлеб здабывалі. Дзякуй Богу і вам: былі мы з хлебам да новага ўраджаю”.


Бласлаўляе хлебаробаў і асвяцае тэхніку настаяцель Свята-Міхайлаўскага храма айцец Інакенцій.


Дае наказ працаўнікам і кіраўнік мясцовай гаспадаркі. Рыгор Бастун жадае ім дбайнай працы, ён упэўнівае прысутных, што ўраджай будзе сабраны цалкам і ў тэрмін, бо гэта — справа гонару. І адпраўляе камбайны ў поле.


Дзмітрый Астапенка і Аляксандр Старавойтаў, Аляксандр Баяраў і Уладзімір Цітоў, Іван Дабродзькін і Аляксандр Серакоў, Васіль Рыськоў і Руслан Рыбажэнка, Аляксандр Кухараў і Аляксандр Бамбізаў — гэтыя экіпажы распачалі жніво.
А паралельна на рапсавым полі шчыравалі Міхаіл Ганчароў з Арцёмам Саковічам і Антон Далецкі з Вадзімам Сілкіным. Адвозяць збожжа Аляксандр Астапенка, Аляксей Бурсаў і Сяргей Кавалёў.
Каб не здарылася бяды, трымае напагатове ваду ў ёмістасці Аляксандр Аўхіменка.
Многія з камбайнераў убіраюць ураджай, які самі ж і ўзрасцілі: хтосьці з іх араў, рыхтаваў глебу, працаваў на севе, даглядаў падрастаючую ніву. І яна аддзячыла хлебаробам тугім коласам.
…Прыгожа і роўна камбайны ўразаюцца ў пшанічны клін.
Галіна Цыганкова.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *