Чарговы Тыдзень беларускай мовы прайшоў у Клімавіцкай раённай гімназіі

Чарговы Тыдзень беларускай мовы прайшоў у Клімавіцкай раённай гімназіі. Традыцыйна праводзілася шмат тэматычных мерапрыемстваў. У фае, на сценах карыдораў шмат разнастайнай інфармацыі, фотавыставы, выставы малюнкаў — у асноўным усё прысвечана малой радзіме, Клімаўшчыне.
На адно з мерапрыемстваў зпрасілі і аўтара гэтых радкоў — як я жартую, “на сустрэчу са мной”.

Толькі пераступіла парог класа — адразу ж бровы ад здзіўлення палезлі ўверх: уся школьная дошка — у газетных выразках з “Субацеямі”. Нішто сабе сюрпрыз!
А наогул было цікава. Думаю, не мне адной. Навучэнцы — восьмыя-дзявяты класы; настаўнікі — Святлана Георгіеўна Раханская, Галіна Іванаўна Мачахіна, Маргарыта Мікалаеўна Шкаленка.
Размова ішла пра малую радзіму, пра паэзію, пра любоў да беларускай мовы. Між іншым зазначыла прысутным, што мне ў свой час пашанцавала: у нас быў не тыдзень, а дзесяцігодка беларускай мовы. У нашай вясковай школе, пачынаючы з першага класа, усе прадметы (акрамя, безумоўна, рускай мовы і літаратуры) выкладаліся на беларускай мове: матэматыка, гісторыя, біялогія, фізіка, хімія і гэтак далей. Натуральна, усе падручнікі былі таксама на беларускай мове. І ніякіх цяжкасцяў гэта не выклікала.
Неяк у старэйшых класах мяне ўзялі на раённую алімпіяду па матэматыцы — і вось там мне было цяжка. І не толькі ў матэматычным сэнсе, але і ў моўным: усе заданні даваліся на рускай мове, а я ж прывыкла да беларускай — паспрабуй разабрацца ў тэрмінах і што ад цябе патрабуецца.
Але гэта так, да слова.
Лізавета Чарнабаева, Аляксей Ціханоўскі, Міхаіл Ахрамовіч, Аліна Ефіменка, Дар’я Васількова, Аліна Мышкоўская, Дар’я Мачахіна, Ганна Рабічка, Анастасія Прошка, Анастасія Магілёўцава, Таццяна Цішкіна… Хлопцы і дзяўчаты добра, пранікнёна чыталі вершы (кранала), задавалі шмат пытанняў. Бачна было, што падлеткі неабыякавыя да малой радзімы — вельмі добра.
Размова атрымалася шчырай, час ляцеў хутка. Спадзяюся, што тая суботняя сустрэча не расчаравала нікога.
Наогул, не так ужо важна, на якой мове ты размаўляеш. Галоўнае — любіць сваю Радзіму свой край, сваіх родных; знайсці сваё месца ў жыцці. І каб была мірная і шчаслівая будучыня.

Галіна ЦЫГАНКОВА.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *