У “Вясёлцы” — весела!

Ды і сапраўды: што ж гэта за дзіцячы лагер, ды яшчэ ў час канікул, калі ў ім сумна? Толькі — цікава і весела! Вось і прышкольны лагер пачатковай школы г. Клімавічы дзятва наведвае з задавальненнем. Бо кожны дзень — разнастайны, кожны дзень — адметны. А мерапрыемствы праводзяцца пад дэвізам: “Малая радзіма: ад вывучэння — да дзеяння!”.

Малую радзіму хлопчыкі і дзяўчынкі вывучаюць у тым ліку і ў час экскурсій-паходаў у бібліятэкі, у музей, у іншыя ўстановы. “Вось, — намеснік дырэктара (і начальнік лагера) Лідзія Бераснёва дэманструе гліняную “падкову на шчасце”, — гэта нашы вучні зрабілі сваімі рукамі, калі наведалі Дом рамёстваў. Там для іх правялі майстар-клас. Во ўжо было захаплення! А яшчэ ў нас адбылася сустрэча з выхаванцамі такога ж лагера сярэдняй школы № 3 — так мовіць: “лагер-на лагер” — праходзілі конкурсы, спартландыя. Правялі дабрачынную акцыю: сабралі цацкі для выхаванцаў Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, правялі сумеснае мерапрыемства — дзеці знаёміліся, разам гулялі ў розныя гульні. Добры настрой быў і ў выхаванцаў Цэнтра, і ў школьнікаў”.
Не забыліся ў лагеры ў Год малой радзімы і пра родную мову: запрасілі на творчую сустрэчу мясцовых паэтаў Галіну Цыганкову, журналіста раённай газеты “Родная ніва”, і Ганну Жылінскую, бібліятэкара гарадской бібліятэкі № 1.
У “Вясёлцы” — весела!Вучні пад кіраўніцтвам педагога-арганізатара Наталлі Касцянковай правялі гульню “Родная мова вакол нас”, флэш-моб і такім чынам прадэманстравалі гасцям сваё добрае валоданне беларускай мовай. А пасля ўжо госці расказвалі пра сябе, пра сваю працу, чыталі свае вершы, адказвалі на шматлікія пытанні дзятвы.
І ўрэшце ўсе прыйшлі да высновы, што беларускую мову ведаць трэба. Бо мы ж — беларусы!
А вось да вашай увагі вершы паэтаў.

Ганна Жылінская

Дайце свята!

Наш сынок жадае свята:
Каб гасцей было багата,
Падарункі, жарты, песні.
Дайце свята! Хоць ты трэсні!

Галіна Цыганкова

Хітры павук

Павуціну тчэ павук,
Нітачку сплятае,
Ён у госці да сябе
Мушак запрашае:

— Завітайце да мяне
Хоць бы на хвіліну —
Падрыхтую смачны стол
Пад густой рабінай,

Пагушкаемся ў гаі
На арэлях тонкіх.
Люба, люба мне пачуць
Галасок ваш звонкі!

Можа, разам мы тады
Песню паспяваем.
…Хітра жмурыцца павук —
Мушак запрашае.