Добры прыклад бацькоў

Добры  прыклад  бацькоў

«Мае дзеці так жыць не будуць, — цвёрда вырашыла дзяўчына. — Мае дзеці будуць шчаслівыя».
Сапраўды, жылося ёй не салодка: сірата пры жывой маці, інтэрнацкае дзяцінства, жаданне бацькоўскага цяпла.
Марыя Іванаўна ўспамінае пра гэта з сумам, але, здаецца, без болю — перагарэла, ды і цяперашняе сямейнае вогнішча атуляе цеплынёй: добры муж, добрыя дзеці.
— Я тутэйшая, з Асмолавічаў, — распавядае жанчына. — Нас трое дзяцей было ў маці. Сястра (на сем гадоў старэйшая за мяне) вырасла дома, а мы з братам, калі маці пазбавілі бацькоўскіх правоў, трапілі ў Мсціслаўскі інтэрнат. Праўда, праз некаторы час брата вярнулі дадому, а я так і выхоўвалася ў інтэрнаце — з трэцяга па восьмы клас. Потым вучылася ў Магілёве на бухгалтара. Закахалася ў прыгожага хлопца з нашай вёскі — Аляксея (прыйшоў з арміі — статны, высокі), і потым ён стаў маім мужам, вельмі добрым.
Аляксей Уладзіміравіч цёпла ўсміхнуўся на такое прызнанне жонкі.
— Каля года сустракаліся, — працягнуў размову. — Пасля пажаніліся. Мая маці зрабіла невялікае вяселле (бацька памёр, калі мне было ўсяго дзевяць гадоў, і маці адна ўзгадавала нас — трое сыноў).
— Цудоўная ў мяне свякроў! Пасля вяселля мы жылі ў яе, і Надзея Пятроўна прыняла мяне як родную дачку. Я ёй праз усё жыццё буду абавязана, — тут жа адгукнулася Марыя Іванаўна. — Ну, што я прыдбала, жывучы ў інтэрнаце? А Надзея Пятроўна мяне навучыла. І, перш за ўсё, — сямейнаму жыццю. «З мужам на людзях не спрачайся, — павучала яна, — не прыніжай яго і сваю годнасць, лепш дома выкажы; старайцеся саступаць, прыслухоўвайцеся адзін да аднаго; на дзяцей не крычы — выхоўвай дабрынёй і асабістым прыкладам». Гатаваць навучыла — ды шмат чаму! Ну, а да вязання я прыахвоцілася яшчэ ў інтэрнаце. Шкарпэткі, шапачкі, світэры, камізэлькі — і дзецям, і дарослым. Люблю вязаць — гэта і хобі, і адпачынак, і ўспакаенне.
У Аляксея Уладзіміравіча — залатыя рукі і талент мастака. Уражваюць вырабы з падручных матэрыялаў, у асноўным, з дрэва. У яго спрактыкаваных руках ажываюць розныя галінкі і карчы. Вось распусцілі хвасты прыгожыя птушкі з чагі (чага — нарасты на дрэвах, аўт.), а гэта — казачныя персанажы. Частка вырабаў знаходзіцца ў школьнай майстэрні, частка — дома. Уменне бачыць цікавае, незвычайнае ў прыродзе і ўвасабляць гэта ў вырабах, лічыць майстар, перадалося яму ад роднага дзядзькі, брата маці. Першую цацку — Бабу Ягу ў ступе — зрабіў, калі сам яшчэ вучыўся ў школе, у сёмым класе. Ён і зараз з гонарам дэманструе гэты свой выраб — сапраўды, цікавая і па-мастацку зробленая рэч.
Зараз Аляксей Уладзіміравіч — настаўнік фізкультуры і працоўнага навучання ВПК «Асмолавіцкі дзіцячы сад — базавая школа». Сваё захапленне перанёс у школьную майстэрню, і маленькія шэдэўры з прыроднага матэрыялу ствараюць ужо разам — настаўнік і вучні.
У Купцовых трое дзяцей. Старэйшая, Надзя, зараз займаецца ў Горацкім педагагічным каледжы, выдатніца, атрымлівае павышаную стыпендыю. Сын Саша вучыцца ў восьмым, а дачка Ксюша — у трэцім класе Асмолавіцкай базавай школы. Дзяўчынка любіць маляваць, і ў яе творах ужо бачны асабісты почырк. З задавальненнем майструе разам з бацькам Саша.
Як шматдзетная, сям’я атрымала новы дом (Марыя Іванаўна працавала тады бухгалтарам у саўгасе, а зараз працуе ў дзіцячым садку). Вольнай часінай гаспадар любіць майстраваць і шмат што зрабіў у доме сваімі рукамі.
— На 8 Сакавіка падарыў мне прыгожы шкляны столік — сам змайстраваў! — цёпла, з гонарам гаворыць жонка.
Працавітыя людзі маюць добрую сялянскую гаспадарку.
Лад і згода ў гэтай вясковай сям’і. Дзеці атулены любоўю і выхоўваюцца на добрым прыкладзе бацькоў.
Галіна Цыганкова.
На здымку — сям’я за самаробнымі шахматамі: Саша, Марыя Іванаўна, Ксюша, Аляксей Уладзіміравіч.