На паэтычнай хвалі

У цэнтральнай раённай бібліятэцы працуюць творчыя, нераўнадушныя людзі. І без перабольшвання можна сказаць, што тут жыве не толькі мудрасць кніг, але і муза.
Бібліятэкай выдадзена больш за 20 розных зборнікаў: краязнаўчых, паэтычных. Адны з апошніх — «Восходы над Сожем» Сяргея Сяргеева, «Откровение» Юрыя Каравінскага, «Музыка дождя» Сяргея Барысенкі, «Белые метели» Міколы Кавалёва, «Тры малітвы» Яўгена Кукушкіна, «Сонечны зайчык» і «Вераснёвы ранак» Галіны Цыганковай.
Ладзяцца тут у чытальнай зале розныя пасяджэнні, сустрэчы з цікавымі людзьмі. Вось і гэтым разам гасцінныя гаспадары запрасілі паэтаў Клімаўшчыны.
З цікавасцю слухалі госці (у асноўным вучні сярэдняй школы № 3 разам з настаўніцай Ірынай Іртовай) аповед дырэктара цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Антаніны Сіліверставай, вядучых Ларысы Мамрыкавай і Людмілы Шведавай пра клімавіцкіх паэтаў, а пасля і саміх аўтараў, што прыйшлі на сустрэчу, расказалі пра сябе, сваю творчасць і працу, прачыталі вершы.
Старэйшы — Мікалай Кавалёў. Ён належыць да пакалення людзей, дзяцінства якіх было апалена вайной. Вершы пісаць пачаў у даволі сталым узросце. Але жыццёвы вопыт падказвае яму шмат тэм, таму і стварыць Мікалай Кавалёў паспеў багата. Спрабуе сябе аўтар і ў прозе.
Сяргей Сяргееў вершы піша даўно, многія з іх убачылі свет на старонках «Роднай нівы». З ахвотай сустракаецца аўтар з моладдзю, дзеліцца з ёй сваімі творчымі набыткамі.
Трое паэтаў прадстаўлялі рэдакцыю раённай газеты.
Мэтр паэзіі, член Саюза пісьменнікаў і Саюза журналістаў Мікола Мінчанка — аўтар шасці паэтычных зборнікаў. Ён умее трымаць аўдыторыю, цікавы суразмоўца.
Мікола Глуздоў — паэт-песеннік, бард: ідзе па жыцці з аўтарскай песняй і гітарай. Два зборнікі вершаў, выдадзеныя раённай бібліятэкай, на яго рахунку. А пісаць пачаў яшчэ ў дзяцінстве, так што мае добры і працоўны, і творчы багаж.
Тры паэтычныя зборнікі, дзякуючы зноў жа клопатам работнікаў раённай бібліятэкі, мае і аўтар гэтых радкоў.
Наогул, Клімаўшчына — багаты на творчыя таленты край. Шмат паэтаў і пісьменнікаў, якія сталі потым знакамітымі і ў нашай краіне, і за яе межамі, нарадзіліся тут або друкавалі свае творы ў мясцовай газеце. Мы ганарымся сваім земляком, ураджэнцам Недзведзі, Іванам Пехцеравым (яго вершы падчас гэтай сустрэчы прачытала вучаніца 10 класа сярэдняй школы № 3 Людміла Цыганкова). Ужо досыць стала сябруе з паэзіяй малады аўтар Сяргей Барысенка, неблагія вершы і замалёўкі атрымліваюцца ў вучня Ціманаўскай школы Аляксандра Дваракова (не раз ён друкаваўся на старонках «Роднай нівы»). Узгадваліся падчас сустрэчы Уладзімір Босаў і Уладзімір Загорскі — выкладчыкі Клімавіцкага дзяржаўнага каледжа. Яны таксама добра сябруюць з паэтычнай музай.
Прыносяць у раённую газету творчыя спробы школьнікі, у тым ліку і пачатковых класаў, моладзь, дарослыя людзі. Значыць, не перасохне крыніца талентаў на клімавіцкай зямлі.
Добра ацаніла ініцыятыўную працу супрацоўнікаў раённай бібліятэкі, пажадала паэтам новых творчых набыткаў галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Вікторыя Пракоф’ева.
Выпісвайце, чытайце раённую газету, прыходзьце на творчыя сустрэчы — і вы пазнаёміцеся з літаратурнымі творамі і самімі аўтарамі-землякамі.
Галіна Цыганкова.
Здымак на памяць: Мікола Мінчанка, Галіна Цыганкова, Вікторыя Пракоф’ева, Ларыса Мамрыкава, Людміла Шведава, Мікалай Глуздоў, Сярей Сяргееў, Мікалай Кавалёў, Антаніна Сіліверстава.

Опубликовать в Google Plus
Опубликовать в LiveJournal
Опубликовать в Мой Мир
Опубликовать в Одноклассники