Не паўтарыць памылак дарослых

Актавая зала ў канторы падсобнай гаспадаркі РУП “Клімавіцкі ЛГЗ” была поўнай. Тут праходзіла сумеснае выязное пасяджэнне камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, каардынацыйнага савета, кантралюючага ход выканання Дэкрэта Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 24 лістапада 2006 г. № 18 “Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у няўдалых сем’ях”, надзвычайнай камісіі і выязнога пасяджэння суда Клімавіцкага раёна.
Яго старшыня А. І. Галачэўскі, разгледзеўшы ў судовым пасяджэнні факты, адлюстраваныя ў хадайніцтвах РАУС аб накіраванні грамадзян Кузетчанкі Д. М., Сцефаненкі А. В., Варанковай Т. В. у ЛПП, вынес вердыкт — задаволіць хадайніцтвы. Бо названыя людзі “рэагавалі” на неаднаразовыя папярэджанні міліцыі, штрафы, адміністрацыйныя арышты чарговымі п’янкамі і хуліганскімі ўчынкамі.
— Самае страшнае, што ў сем’ях, дзе п’юць, дзеці з цягам часу паўтараюць памылкі дарослых, — падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама, старшыня КСН А. Р. Дзівакова. — Таму дзяржава і надалей будзе дабівацца таго, каб пераламаць сітуацыю, не дапускаць гібелі людзей.
Былі разгледжаны пытанні: аб супрацьпажарным стане домаўладанняў на тэрыторыі Гусаркаўскага сельсавета (дарэчы, відэафільм, зняты супрацоўнікамі РАНС, нікога не пакінуў абыякавым); аб тым, як мясцовы сельвыканкам і іншыя зацікаўленыя арганізацыі ладзяць работу па рэалізацыі Дэкрэта № 18.
Абмеркаваны праблемы, звязаныя з кампенсацыяй расходаў абавязанымі асобамі, чые дзеці знаходзяцца на дзяржаўным утрыманні. Заслуханы неабходныя тлумачэнні.
Камісія па справах непаўналетніх райвыканкама прыняла адпаведныя рашэнні ў адносінах да бацькоў, якія не выконваюць абавязкаў па належнаму выхаванню сваіх сыноў і дачок.
У рабоце выязных пасяджэнняў актыўна ўдзельнічаў пракурор Клімавіцкага раёна А. В. Землякоў.
Мікалай РАСКАТАЎ.