Руплівыя гаспадары

Руплівыя гаспадары

Кароўкі дружна павярнулі галовы, прыветна паглядзелі на жанчыну, нібы кажучы: “Давай, давай, гаспадынька! Мы ўжо чакаем цябе”.
Галіна Сяргееўна чысценька вымыла вымя, падключыла даільны апарат. Дойка пачалася.
Гэты апарат купіў зяць Ігар: прыехаў раз у госці, паглядзеў, як цешча цягне малачко рукамі з трох кароў, і пашыбаваў да суседкі: тая таксама трымала некалькі кароў, але даенне ў яе было механізаваным — апаратам (купілі ў Гомелі).
Назаўтра такі ж даільны апарат быў і ў Галіны Сяргееўны: Ігар за адзін дзень з’ездзіў на сваім аўто ў Гомель і вечарам ганарова ўручыў рэч цешчы.
— Я і сама хацела купіць, але ж грошай крыху шкада было: усё ж такі амаль два мільёны каштуе. Думала: “Ну, вось чацвёртую карову завядзем, тады і прыдбаю, а трох і так здолею выдаіць — не вельмі ўжо яно і цяжка”, — кажа субяседніца.
Галіна Сяргееўна Пісталетава жыве ў Галічах. Раней працавала заатэхнікам, брыгадзірам фермы, даяркай у калгасе “Галіцкі”, а пасля аб’яднання — крыху ў саўгасе “Малышкавічы”. Зараз перакваліфікавалася ў хатнюю гаспадыню.
Жывуць удваіх з мужам Іванам Міхайлавічам. Дочкі павыходзілі замуж, паехалі з бацькоўскай хаты. Старэйшая, Наташа, цяпер у Клімавічах. З мужам Мішам ужо і самі дачку маюць. Малодшая, Алеся, стала жыхаркай Анапы.
Іван Міхайлавіч — механізатар саўгаса “Малышкавічы”. Чалавек гаспадарлівы, ды летам ён дома, можна сказаць, амаль не знаходзіцца.
— Толькі што начуе, — жартуе жонка, — а так — з ранку да ночы на працы.
Сапраўды, летам механізатарам у саўгасе занятку шмат. Іван Міхайлавіч жа — працаўнік добры. Падчас жніва, напрыклад, ад камбайнаў перавёз больш за тысячу тон збожжа, быў у ліку пераможцаў раённага спаборніцтва.
Шчырыя словы ўдзячнасці выказваюць гаспадары дырэктару саўгаса Віктару Уладзіміравічу Коршунаву:
— Малады кіраўнік — чалавек слова. Механізатары, апроч заробка, атрымліваюць і натураплату — зернем, сенам. Мы здалі ў саўгас двух цялят — грошы не бралі, дамовіліся з саўгасам на гатовае сена. Добра, калі маеш менш клопату пра корм — паспрабуй накасіць на столькі жывёлы, асабліва калі мужчына ў сенакосную пару заняты на асноўнай працы.
Апроч таго, што атрымліваюць зерне ў саўгасе, гаспадары сеюць і сваё. Малоць вазіць далёка не трэба — маецца свой хатні электрамлын. Засыпаюць вядро збожжа — і праз некалькі хвілін атрымліваюць муку.
Адукацыя заатэхніка (у свой час скончыла Клімавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум), канечне ж, таксама дапамагае весці хатнюю гаспадарку.
— Я каровак сваіх кармлю добра: даю буракі, раніцай і вечарам — камбікорм. Затое і аддачу маю: здаю дяржаве ад сямідзесяці да ста літраў малака. І заробак неблагі: нярэдка мільён васемсот — мільён шэсцьсот тысяч рублёў штомесяц. Наогул, менш за паўтара мільёна не атрымліваю.
Зараз у працавітых гаспадароў ужо сем кароў. У хлеўчуку растуць двое цялят: бычок і цялушачка.
— Аднавяскоўцы часам кажуць: “Навошта табе столькі жывёлы? Адпачні хоць, пажыві для сябе”. А я і так жыву для сябе, у сваё задавальненне. У дачок добрыя сем’і, добрыя мужы. Ім наша дапамога не вельмі патрэбна.
А з жывёлай я не стамляюся — я люблю быць гаспадыняй, гэта мне толькі ў радасць. І адпачыць знайду час.
І тое сказаць: каровы ў Галіны Сяргееўны, як лялечкі — чысценькія, сытыя. У хляве драўляная падлога, чыста, суха — можна хадзіць у хатніх тапачках.
— Няхай і дзесяць кароў будзе — усё роўна я іх дагледжу добра, — не без гонару запэўнівае гаспадыня.
Сапраўды, сем ужо ёсць. Гадуе і восьмую — сваю цялушку. А там ужо і да дзесяці недалёка.
Поспеху вам у добрых справах, гаспадары!
Галіна ЦЫГАНКОВА.