Давер землякоў

Давер землякоў

Мясцовае кіраванне — форма арганізацыі і дзейнасці мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў для вырашэння пытанняў мясцовага значэння, зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў грамадзян. (Паводле Закона Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь»).
Аляксандр Міхайлавіч Каралёў — дэпутат Клімавіцкага раённага Савета дэпутатаў па Макеевіцкай выбарчай акрузе № 31.

Ён, як кажуць, тутэйшы: з вёскі Юр’евічы, што недалёка ад Макеевічаў. Вучыўся ў Макеевіцкай васьмігадовай, потым у Мілаславіцкай сярэдняй школах, скончыў Беларускую сельскагаспадарчую акадэмію. Працаваў галоўным бухгалтарам саўгаса «Макеевічы», са студзеня 2000 года — намеснік начальніка па эканоміцы ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Клімавіцкага райвыканкама, а ў студзені 2004 года ўзначаліў інспекцыю Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Клімавіцкаму раёну.
Ён і зараз стараецца пабываць у Юр’евічах, каб дапамагчы маці.
Тое, што акруга, дзе ён з’яўляецца дэпутатам, — яго родныя мясціны, недзе спрашчае работу: добра ведаеш людзей, іх праблемы, лічыць Аляксандр Міхайлавіч. З другога боку, узрастае адказнасць, бо і цябе добра ведаюць, і на цябе спадзяюцца землякі.
Не менш чым двойчы на год праводзяцца сустрэчы-справаздачы з выбаршчыкамі. З працаўнікамі звычайна — па падраздзяленнях: на ферме, у доме механізатара. Гэта важныя моманты, адзначае дэпутат: ёсць магчымасць пагутарыць з людзьмі, выслухаць меркаванні, прапановы, просьбы.
Землякі два разы запар аказалі Аляксандру Міхайлавічу давер прадстаўляць іхнія інтарэсы ў раённым Савеце дэпутатаў.
Галіна Цыганкова.