Пад дахам дома свайго

Пад дахам дома свайго

Над вагончыкамі-бытоўкамі будаўнікоў ПМК-256 ручаямі цяпла сцелецца дым.
— Зойдзем? — прапаноўвае намеснік начальніка Сяргей Аўхіменка. Дваццаць два гады працуе ён у калектыве.
На двары — каля мінус 20 градусаў. Кіраўнік арганізацыі Уладзімір Нікіфараў, сабраўшы брыгадзіраў за сталом, удакладняе на лятучцы ўзнікшыя пытанні па тэхналогіі работы ў зімовых умовах.
Цяпер кожная брыгада пээмкоўцаў, у першую чаргу — муляры, мае абноўленыя, адрамантаваныя бытавыя памяшканні. Бачым мікрахвалёўку “Віцязь” — гэта ўжо не дзіва.
— Чым запомніўся Вам 2009 год? — спытаў ваш карэспандэнт ва Уладзіміра Пятровіча НІКІФАРАВА.
— Галоўнае — наш калектыў працаваў стабільна. Гадавая праграма будаўніцтва рэалізавана датэрмінова. Людзей мы настройвалі на цяжкасці, і яны зразумелі, што трэба было ахвяраваць нечым дзеля таго, каб выканаць пастаўленую перад ПМК задачу.
— Што канкрэтна пабудавалі?
— Васьмідзесяцікватэрны жылы дом, малочна-таварную ферму ў племзаводзе “Ціманава”, здалі ў эксплуатацыю першую чаргу кацельні па вуліцы Леніна, будынак райваенкамата, аднакватэрныя дамы і іншыя аб’екты.
Калі звярнуцца да лічбаў, то аб’ём выкананых работ па генпадраду склаў 21,3 млрд. руб. (153,5% да ўзроўню мінулага года), уласнымі сіламі — 15,8 млрд. руб. (149,7%).
Стаўку робім на тры брыгады муляраў (кожная — па 25 чалавек), аддзелачнікаў — іх таксама тры і на чатыры брыгады цесляроў.
Амаль паўсотні інжынерна-тэхнічных работнікаў вызначаюць, так бы мовіць, нашу будаўнічую палітыку ў межах ПМК-256. Акрамя таго, існуе аддзел галоўнага механіка — каля 50 чалавек.
Два інжынеры па ахове працы сочаць за сваім участкам работы. Людзі маюць усё неабходнае для таго, каб выключыць якіясьці здарэнні на будоўлі.
Апору робім на брыгадзірскі корпус. Ён сапраўды кіруе кадрамі. Адпаведна, і зарплата значна вышэй, калі аб’екты зроблены на сумленне. Яна дасягае 2-2,5 млн. рублёў у сярэдняга звяна.
— Да вас многія просяцца на работу?
— Так. Але не ўсіх прымаем. Лайдакі і безадказна марнуючыя час у нас не затрымліваюцца.
— Уладзімір Пятровіч, якія аб’екты цяпер знаходзяцца ў рабоце?
— Сярод іх — 60- і 69-кватэрны дамы па вуліцах 50 год СССР і Леніна (у раёне дзяржаўнага аграрнага каледжа). Практычна працуем у лік 2010 года. Як вядома, дзяржпраграма прадугледжвае рост жыллёвага будаўніцтва. Таму хацелася б, каб неабходная праектна-каштарысная дакументацыя была падрыхтавана своечасова. Вядома, хвалюе фінансаванне. Мы будаваць гатовы.
— Якім бы Вы хацелі бачыць Новы год?
— Годам сапраўды здаровага ладу жыцця. Клімавічы нічым не горшыя за суседнія райцэнтры. Хочацца, каб усе ўносілі сваю лепту ў яго развіццё. Тады ахвотней будуць заставацца тут жыць, працаваць, ствараць сем’і маладыя людзі, калі ўладкуем сацыяльную інфраструктуру.
На вуліцы 50 год СССР і паблізу яе пражываюць некалькі тысяч чалавек. Дзіцячыя пляцоўкі, месцы адпачынку, фізкультурна-аздараўленчы комплекс, які будзе будавацца, цэнтр горада, калі ён будзе мець свой архітэктурны твар, і многае іншае павінны садзейнічаць карыснаму адпачынку, заняткам спортам. Пасільны ўдзел у добраўпарадкаванні абавязаны прымаць і самі клімаўчане. Я ўжо не кажу пра адносіны да прыроды, водных рэсурсаў.
Будзем працаваць, даражыць усім, што дасягнута карпатлівай працай.
Гутарыў Мікалай Глуздоў.
Наздымку (злева направа): В. А. Цудзікаў, брыгадзір І. М. Сергіенка, М. А. Гоманаў, В. К. Асмалоўскі, В. Ф. Асмалоўскі на аб’екце — будучым 60-кватэрным дылым доме.