Адказнасць — норма жыцця

Адказнасць - норма жыцця

Васіль Мікалаевіч Захараў нарадзіўся ў Старых Дамамерычах. Ажыццявіў мару аб моры — пасля заканчэння Палошкаўскай сярэдняй школы скончыў у 1981 годзе Ленінградскую мараходную школу. Трынаццаць гадоў хадзіў у плаванні на гандлёвым флоце. Распад Саюза прымусіў вярнуцца дадому. З 1996 года працуе ў УКП «Камунальнік», намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце.
Таксама ён старшыня прафсаюзнай арганізацыі, курыруе фізкультурна-спартыўную работу. І трэба зазначыць, што на абодвух участках працы ёсць поспехі: прафсаюзная арганізацыя не раз займала прызавыя месцы ў абласным галіновым спаборніцтве на лепшую прафсаюзную арганізацыю, маецца шмат і спартыўных дасягненняў, аб чым сведчаць граматы, дыпломы і кубкі.
Ідэалагічная, прафсаюзная работа патрабуе ад чалавека асаблівых якасцяў: кампетэнтнасці, дасціпнасці, уважлівасці, камунікабельнасці. Усе яны ўласцівыя В. М. Захараву.
Васіль Мікалаевіч — дэпутат раённага Савета дэпутатаў па Энергетычнай выбарчай акрузе № 3. У яго перадвыбарнай праграме адным з пунктаў мелася — дапамагчы САШ № 4 адрамантаваць пад’езд да школы і тратуар. Выкананне абяцанняў доўга сябе чакаць не прымусіла: праз пэўны час пакарабачаная дарога набыла гладкае асфальтавае пакрыццё, праляглі прыгожыя дарожкі з тратуарнай пліткі.
— Гэта чалавек слова і справы,— шчыра гаворыць дырэктар чацвёртай гарадской школы Антаніна Міхайлаўна Шышанок.
Дапамагчы з асвятленнем прышкольнай тэрыторыі і прылягаючых да школы вуліц — звяртаюцца да яго, патрэбен пясок ці нешта іншае — таксама да яго. Адмовы не было. Значна чысцейшым і прыгажэйшым стаў школьны мікрараён: вулачкі, дворыкі. Пастараліся вучні, работнікі школы, жыхары, падтрымаў дэпутат.
У школе ён — не рэдкі госць. Тут маецца цесная сувязь: заходзіць, цікавіцца жыццём, знаходзіцца ў курсе школьных падзей.
— Як дэпутата запрашаем на пасяджэнні Савета па прафілактыцы правапарушэнняў, на сумесныя наведванні няўдалых сем’яў. Вось нядаўна дапамог з працаўладкаваннем адной такой ненадзейнай маці, — распавядае дырэктар навучальнай установы.
Тое, што Васіль Мікалаевіч чалавек чулы і даступны, пацвярджае і другі кіраўнік — загадчыца дзіцячага садка «Елачка» Людміла Валер’еўна Мінчанка:
— Так, заўжды адгукаецца на просьбы, дапамог з добраўпарадкаваннем тэрыторыі садка.
Ды і простыя жыхары, што пражываюць у акрузе, звяртаюцца да яго. Напрыклад, папрасілі бабулькі паставіць каля дома перакладзіны для выбівання дываноў — дапамог. Былі і іншыя просьбы ад жыхароў. І хоць, здаецца, не такія ўжо яны і значныя, але за імі — надзея, давер і ўзаемапавага.
Дастойны дэпутат — гавораць выбаршчыкі.
Галіна Цыганкова.