У будучым аграгарадку

Чарговая субота — чарговы Дзень жывёлавода. На гэты раз кіраўнікоў сельгасарганізацый, спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама прымаў жывёлагадоўчы сектар племсаўгаса «Высакоўскі» (дырэктар гаспадаркі — Анатоль Валадковіч).
Племсаўгас «Высакоўскі» — гаспадарка невялікая. Яна не займае высокіх прыступак у аграпрамысловым комплексе раёна, але ж станоўчыя вынікі тут ёсць, кіраўніцтва племсаўгаса робіць пэўныя захады для стабільнай дзейнасці калектыву.
Няблага папрацавалі на нарыхтоўцы кармоў. Але мала накарміць жывёлу — трэба праводзіць цэлы комплекс мерапрыемстваў, каб атрымліваць якасную прадукцыю ў належным аб’ёме.
Сёлета ў Высокім будзе будавацца аграгарадок. Агляд сельскагаспадарчых аб’ектаў, разбор вынікаў працы праходзіў у свеце гэтай важнай падзеі: населены пункт павінен мець усю належную інфраструктуру — як сацкультбыта, так і вытворчасці.
Набірае тэмпы вясна, і не за гарамі сяўба яравых. Ужо зараз патрэбна ўзмацніць неабходныя падрыхтоўчыя работы: канчаткова давесці да ладу тэхніку, актывізаваць вывазку арганікі і нарыхтоўку мінеральных угнаенняў, выкарыстоўваць магчымасць унясення ўгнаенняў і падсеву траў па снезе. На гэтых і іншых момантах, што тычыліся вясенніх палявых работ, акцэнтаваў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства старшыня райвыканкама Віталій Грышанаў.
Традыцыйна кіраўнікі сельгасарганізацый трымалі справаздачу па выкананню рашэнняў папярэдніх Дзён жывёлавода.
Галіна Цыганкова.

Нет постов для отображения