З дабром да людзей

Жыццёвае крэда 55-гадовага В. І. Саламаціна заключаецца ў тым, каб несці дабро людзям, быць карысным для усіх тых, хто побач.
Калі 19-гадовы юнак ішоў на службу ў армію, ніхто не сумняваўся — будзе сумленным і дастойным абаронцам Айчыны. І ён за два гады ніколі не падвёў ні родных, ні землякоў. Затым шэраг гадоў быў прыcвечаны карпатлівай вучобе ў Магілёўскім педінстытуце, пасля чаго крок за крокам пачаў адлічвацца практычны педагагічны шлях. Трэба сказаць, настаўнік з Васіля Іванавіча атрымаўся сапраўдны. У Старадзедзінскай базавай школе працаваў прадметнікам, завучам. Потым вяскоўцы аказалі паважанаму чалавеку давер, абраўшы сакратаром парткамітэта саўгаса “Звянчацкі”.
З 1990 года лёс звязаў яго (і ўсю дружную сям’ю Саламаціных) з Радняншчынай. Нямала часу Васіль Іванавіч узначальваў калектыў мясцовай сярэдняй школы. І вось праз месяц будзе два гады, як ён, прыняўшы прапанову, стаў старшынёй Родненскага сельвыканкама і ў дадатак пачаў з усёй адказнасцю выконваць абавязкі дэпутата на тэрыторыі аднайменнай выбарчай акругі № 4. Сустрэчы, гутаркі з выбаршчыкамі, вывучэнне іх запытаў і рашэнне праблем — само сабой зразумелае. Пад своеасаблівай увагай знаходзяцца клопаты адзінокіх, састарэлых людзей, сярод якіх ёсць удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, інваліды. Вядзецца мэтанакіраваная работа з так званымі “цяжкімі” сем’ямі, і тут педагагічны вопыт дэпутата асабліва дарэчы.
Увогуле, В. І. Саламацін разумее людзей, ведае іх патрэбы. Ён умее пагутарыць і са старым, і з малым. Чалавека, які трапіў у складанае становішча, абавязкова падтрымае. Пры неабходнасці, кожнаму дасць параду, дапаможа.
Васіль Іванавіч Саламацін вылучаны кандыдатам у дэпутаты раённага Савета дэпутатаў па Родненскай выбарчай акрузе № 35.
Валянціна КВАРЦЮК.