Навечна ў памяці народнай

Навечна ў памяці народнай

Штогод, калі майская квецень абуджае жыццё і ў глебу ляглі зярняты для новага ўраджаю, людзі добрай волі ва ўсім свеце ўрачыста адзначаюць Дзень Перамогі. Перамогі над фашызмам.
Свята 9 Мая ў Клімавічах стала сапраўды ўсенародным. Напачатку традыцыйнага шэсця кіраўнікі раёна, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый на чале са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Віталіем Грышанавым, старшынёй раённага Савета дэпутатаў Мікалаем Далгуном пабывалі на гарадскіх могілках. Гірлянда памяці з жывых кветак была ўскладзена да помніка на брацкай магіле тых, хто загінуў дзеля нашай свабоды і незалежнасці. Тут прайшла памінальная літыя. Яе адслужыў святар Свята-Міхайлаўскага храма айцец Інакенцій.
Шэсце святочнай калоны пралягло ад адміністрацыйнага будынка падатковай інспекцыі да Алеі Славы ў гарадскім парку.
Удзельнікі мерапрыемства ўшанавалі памяць землякоў, воінаў-інтэрнацыяналістаў Віктара Бельскага і Рамана Рогалева.
Ля Вечнага агню адбыўся мітынг-рэквіем. У знак глыбокай удзячнасці ўсім абаронцам Бацькаўшчыны кіраўнікі мясцовай улады, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, воіны-інтэрнацыяналісты, супрацоўнікі праваахоўных органаў, прадстаўнікі працоўных калектываў, школьнікі прынеслі сюды кветкі.
Старшыня раённага выканаўчага камітэта Віталій Грышанаў, віншуючы прысутных з 65-годдзем Вялікай Перамогі, Днём Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь і Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь, у прыватнасці, сказаў:
— У часу свае законы. Рана ці позна ён сцірае з памяці розныя падзеі. Аднак Вялікая Айчынная вайна — тая гістарычная веха, што не падуладна забыццю. Гэтая дата належыць як мінуламу, так і сённяшняму дню.
На алтар Перамогі паклалі сваё жыццё больш за 7 тысяч клімаўчан. Сярод іх вечна будуць жыць у нашых сэрцах імёны землякоў, увекавечаных у абелісках і памятных стэлах, тых, хто быў знішчаны за калючым дротам канцлагераў. Пасля самай разбуральнай вайны на Клімаўшчыне з 78 тысяч жыхароў засталіся каля 33-х. Звыш 4 тысяч узнагароджаны ордэнамі і медалямі. Восем за свае подзвігі ўдастоены высокага звання Героя Савецкага Саюза. Двое сталі поўнымі кавалерамі ордэна Славы. Старшыня райвыканкама Віталій Грышанаў уручыў Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта ветэранам Вялікай Айчыннай вайны, пажадаў ім даўгалецця, цяпла і душэўных сіл.
Удзельнікаў мітынгу-рэквіема шчыра павіншавалі з Днём Вялікай Перамогі ветэран мінулай вайны Ілля Фядоценка, дачка загінуўшага на нашай зямлі батальённага камісара Васілія Васькіна — Ніна Васькіна. Трыццаць тры гады запар жанчына прыязджае ў Клімавічы пакла-ніцца памяці свайго бацькі. Госця з Расіі падзякавала кіраўніцтву раёна за павагу і добразычлівасць. Імя Васілія Васькіна зараз носяць вуліцы ў аграгарадку Малышкавічы і ў райцэнтры.
Ад імя моладзі звярнуўся да ўдзельнікаў урачыстасці навучэнец раённай гімназіі імя І. С. Нікалаева Кірыл Сцяпура, прадзед якога таксама набліжаў Дзень Перамогі.
Кранула кожнага ўзнёсласцю і шчырым пачуццём віншаванне, падрыхтаванае навучэнцамі сярэдняй школы № 3.
Мінутай маўчання ўшанавалі ўдзельнікі мітынгу-рэквіема памяць салдат, якія не вярнуліся з вайны. Схілілі галовы перад веліччу іх подзвігу пасівелыя ветэраны, моладзь. У ганаровай варце ля помніка і на Алеі Славы — актывісты РА “БРСМ”, БРПА. У руках дзяцей палымнее Палатно Перамогі. Дрыготкае полымя Вечнага агню быццам прымушае задумацца і нагадаць: беражыце, людзі, мір, заваяваны ў жорсткай бітве з ворагам. Святочны салют ускалыхнуў наваколле, як водгук ваенных гадоў.
Затым вядучыя Вікторыя Шкрэдава і Сяргей Булянкоў запрасілі ўсіх да летняга амфітэатра. Тут мясцовыя артысты ладзілі канцэрт.
Парадавалі сваёй творчасцю духавы аркестр дзіцячай школы мастацтваў, народны хор “Ветэран”.
Тэматычныя падворкі, аформленыя работнікамі сельскіх клубаў раёна, фотавыставы, прысвечаныя ветэранам, творчыя работы юных талентаў з дзіцячай мастацкай школы, Дома рамёстваў — усё ў гэты памятны дзень стварала незабыўную, сонечную атмасферу.
Вячэрняя праграма свята завяршылася маляўнічым феерверкам.
Мікалай Глуздоў.

Старшыня райвыканкама Віталій Леанідавіч Грышанаў уручае Ганаровую грамату ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Васілю Ягоравічу Быкаву.