Летапісец з Клімаўшчыны

Аляксея Кажамяку ведаюць як выдатнага летапісца ўсходніх раёнаў Магілёўшчыны. Ён з’яўляецца аўтарам шэрага артыкулаў, якія змешчаны ў гістарычна-дакументальных хроніках “Памяць” Клімавіцкага (1995), Касцюковіцкага (2000) і Хоцімскага (2003) раёнаў. Яму належыць брашура “Хроніка вызвалення Клімаўшчыны. Баявыя дзеянні войск і работа мясцовых органаў улады на тэрыторыі раёна восенню 1943 года”, выдадзеная ў Магілёве ў 2000 годзе.
Аляксей Мартынавіч — адзін з трох аўтараў-укладальнікаў зборніка “Успаміны клімаўчан-астарбайтэраў”, які вытрымаў ужо два выданні — у 2005 і 2007 гг. Са сваімі калегамі-аднадумцамі Людмілай Андрушковай і Наталляй Банышэўскай краязнаўца многа папрацаваў, каб сабраць успаміны землякоў, якіх нямецкія акупанты выкарыстоўвалі на прымусовых работах у нямеччыне. У кнізе змешчана шмат дакументальных пацвярджэнняў, фотаздымкаў і іншых ілюстрацый, ёсць таксама звесткі пра вывезеных на прымусовую працу па кожным раёне Магілёўскай вобласці.
У 2008 годзе ў абласной друкарні імя Спірыдона Собаля выйшла новая кніга Аляксея Кажамякі “Немцы на Клімаўшчыне”. Тут сабраны ўспаміны клімаўчан, якія перажылі ліхалецце гітлераўскай акупацыі раёна са жніўня 1941 г. па верасень 1943 г. Дарэчы, і сам Аляксей Мартынавіч дзесяцігадовым хлапчуком апынуўся сведкам фашысцкага нашэсця, жывучы з бацькамі ў вёсцы Роськаў Клімавіцкага раёна. І гэтыя ўражанні таксама яскрава перададзены ў адным з эпізодаў у кнізе. Названы месцы расстрэлаў і пахаванняў землякоў, дакладныя звесткі аб месцах пахавання салдатаў і афіцэраў нямецкай арміі, якія загінулі падчас Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі раёна.
На працягу многіх гадоў пошукавай і літаратурнай працы Аляксей Кажамяка сустрэўся з сотнямі відавочцаў падзей Вялікай Айчыннай вайны на Клімаўшчыне, удакладняючы прыведзеныя потым у кнігах факты. Была, вядома, і скрупулёзная праца ў архівах і з рознымі іншымі гістарычнымі крыніцамі. Таму і атрымаліся ягоныя кнігі і асобныя публікацыі даставернымі, прыйшліся яны па гусце і клімаўчанам, многія з якіх самі з’яўляюцца героямі гэтых твораў.
Акрамя гэтага, Аляксей Кажамяка падрыхтаваў рукапісы дзвюх новых цікавых кніг “Магіляўчане — стваральнікі ракетна-касмічнай тэхнікі” і “Праваслаўныя архіпастыры Магілёўшчыны”. Папярэднія кнігі пісьменніка выходзілі дзякуючы фінансавай падтрымцы Магілёўскага абласнога і Клімавіцкага раённага выканаўчых камітэтаў. Застаецца спадзявацца, што гэтая добрая традыцыя атрымае свой працяг.
Уладзімір ДУКТАЎ.