Водар язміну

Гадзіна пік. Палова дня.
Спякотай смаліць вышыня.
І пад бяссільны подых ветру
Дрыжыць сасмяглае паветра.

Імчаць па вуліцы аўто,
Нібыта іх апарыў хто.
І гумы пах, і пах бензіну
Шпурляюць жменямі машыны.

А свежы беленькі язмін
Глядзіць цікаўна цераз тын,
На наваколле жаўтавока
Дзівіцца шырака-шырока.

І водар белага язміну
Мацней за едкі пах бензіну.
Ляціць, ляціць насустрач лету,
Вясёлым сонейкам сагрэты.
Галіна ЦЫГАНКОВА.