Жаданы госць

У жніўні Стары Дзедзін будзе адзначаць 1025 годдзе з дня заснавання. Вёска славіцца сваімі даўнімі традыцыямі, працавітымі людзьмі, фальклорным ансамблем “Астраначка”…
Дарэчы, без удзельнікаў гэтага калектыву практычна не абыходзіцца ні адно значнае свята ў раёне. “Астраначка” —заўжды жаданы госць на розных мерапрыемствах не толькі на Клімаўшчыне, але і ў рэспубліцы, і вобласці.
Традыцыйна ўдзельніцы “Астраначкі” на святах прадстаўляюць свой арыгінальны вясковы падворак, спяваюць народныя песні, расказваюць гасцям пра старадаўнія традыцыі беларусаў.
— Мы спяваем розныя народныя песні нашай мясцовасці, якія перадалі нам у спадчыну старэйшыя жыхары вёскі. Сярод іх Галіна Брыкава, Зінаіда Асіпенка і іншыя. У склад фальклорнага калектыва ўваходзяць людзі розных узростаў. Асабліва імкнёмся далучаць да нашай спадчыны моладзь, — кажа мастацкі кіраўнік Марына Баранава.
У канцы мая ўдзельнікі ўзорна-фальклорнага калектыву два дні прымалі ўдзел у Маскоўскім абласным фальклорным фестывалі-конкурсе дзіцячых пеўчых фальклорных ансамбляў, які праходзіў у горадзе Талдом.
— Нашы землякі былі запрошаны як госці. У час адкрыцця школьнікі паказалі абрад “Гуканне вясны”. Дадому мы вярнуліся не толькі з яркімі эмоцыямі, але і дыпломамі. Так, узорна-фальклорны калектыў “Астраначка” атрымаў дыплом удзельніка фестывалю. Другі ж дыплом — у саліста Андрэя Баранава, вучня 5 класа мясцовай школы. Гэта паездка дазволіла нам пазнаёміцца з творчасцю іншых калектываў, папоўніць пэўным вопытам нашу творчую скарбонку , — расказвае загадчык Старадзедзінскага клуба Ала Скоцкая.
Таццяна Падліпская.