Каб не было «белых плям»

У Клімавічы ў зааветэрынарны тэхнікум я прыехаў працаваць у жніўні 1970 года. Вопыт работы ўжо меў: дзевяць гадоў аддаў сваёй прафесіі на радзіме, у Сенненскім раёне Віцебскай вобласці, шэсць гадоў выкладаў ветдысцыпліны на Верхнядзвіншчыне.
Акрамя ўсяго, мяне з маленства цікавіла краязнаўства. Таму па вясне пачаў вывучаць гісторыю Клімавіцка-Круглянскага падполля. Сустракаўся і гутарыў з былымі падпольшчыкамі-партызанамі, настаўнікамі Р. К. Чаркасавай, Г. М. Гваздзяровай-Нікалаевай, з удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, вядомым краязнаўцам, педагогам К. Л. Ваньковічам.
Вынікам стала сустрэча студэнтаў з ветэранамі вайны.
Не раз, калі з групамі студэнтаў праходзілі вытворчую практыку на Круглянскай ферме, ладзілі сустрэчы са сведкамі ваенных дзеянняў, наведвалі на тутэйшых могілках месца, дзе пахаваны юны падпольшчык Павел Гайдукоў.
Запомніліся ўспаміны Казіміра Леанардавіча Ваньковіча падчас экскурсій у тагачасны музей, што размяшчаўся ў будынку СШ № 3. Такая патрыятычная работа, я ўпэўнены і зараз, прыносіла добры плён.
Супрацоўнічаў з раённай газетай “Новае жыццё”, пісалі ў раёнку таксама мае выхаванцы Анатоль Раеўскі, Саша Новікаў і іншыя. Журналісты, члены літаб’яднання “Зарніцы”, выступалі па нашаму запрашэнню перад моладдзю.
Свае вершы на старонках “Роднай нівы” час ад часу публікуе мой былы калега Барыс Парфіравіч Варонін, які зараз жыве ў Магілёве.
Любоў да роднага краю, да Беларусі сугучна майму сэрцу. Я і зараз працягваю збіраць матэрыялы пра мінуўшчыну, вайну, людзей, якія абаранялі нашу зямлю насуперак смяротнай небяспецы. Хочацца, каб менш заставалася “белых плям” у слаўнай гісторыі маёй Айчыны.
Дзмітрый Васільевіч СМІРНОЎ,
г. Клімавічы.