Колькі год Старому Дзедзіну?

Колькі год Старому Дзедзіну?

Каля тысячы розных артэфактаў, знойдзеных у час раскопак у басейне ракі Асцёр на невялікай плошчы 30 м2, унеслі значныя карэктывы ў гісторыю вёскі Стары Дзедзін. Атрыманыя знаходкі, па словах дацэнта кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Коласава, сведчаць пра тое, што на гэтай тэрыторыі першыя жыхары з’явіліся не тысячу гадоў назад, як лічылі да гэтага на аснове знойдзенага ў 1926 годзе клада, а значна раней. Зараз можна казаць ужо пра сямітысячагадовую гісторыю ваколіцы Старога Дзедзіна.
«РАМАНТЫК» ЗБІРАЕ СЯБРОЎ
У пачатку ліпеня ў прыгожым бары, недалёка ад вёсак Стары Дзедзін і Старыя Пранічкі, побач з гулкай рэчкай Асцёр “вырас” турыстычны палатачны лагер “Рамантык”, які працуе пры ЦТК і Э. У ім на працягу дзевяці дзён цікава і з карысцю бавілі свой час васемнаццаць вучняў са школ горада. Большасць з іх раней наведвалі гурток “Юны археолаг”. Яго кіраўніком з’яўляецца метадыст вышэйназванай установы Пётр Шашкоў.
Лагер нездарма носіць такую гаваркую назву. Маляўнічыя мясціны роднай прыроды, свежае паветра, спевы птушак, любаванне прыгожым захадам сонца, адсутнасць гарадскога шуму… Усё вышэй пералічанае спрыяла заўжды добраму настрою, натхняла на лірычны лад.
Штодзень хлопчыкаў і дзяўчынак чакалі новыя ўражанні, у чым аўтар радкоў змагла пераканацца на свае вочы. Пра гэта сведчаць таксама выказванні моладзі пры сустрэчы з карэспандэнтамі АНТ, Першага нацыянальнага тэлеканала і Магілёўскага абласнога тэлебачання. Яны прыехалі сюды пасля сапраўдных навуковых сенсацый, зробленых тут у час раскопак.
Упэўнена, што гульні і песні, асабістыя археалагічныя знаходкі, разнастайныя вандроўкі па маляўнічых мясцінах Астра нікога не пакінулі абыякавымі. А якой смачнай была ежа, прыгатаваная на вогнішчы! Усё гэта надоўга застанецца цёплымі ўспамінамі пра тыя шчаслівыя ліпеньскія дзянькі.
ЮНЫЯ АРХЕОЛАГІ
У лагеры “Рамантык” школьнікі змаглі не толькі адпачыць, але і адчуць сябе сапраўднымі археолагамі. Яны разам з дацэнтам кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. А. Куляшова Аляксандрам Коласавым, з кіраўніком групы Пятром Шашковым, выхавацелямі Валерыем Сямёнавым і Віталем Палячковым, якія таксама з’яўляюцца выпускнікамі гэтай навучальнай установы, праводзілі археалагічныя раскопкі.
— На рас-коп! — пасля снедання гучна даносіцца загад кіраўніка групы.
Хлопчыкі і дзяўчынкі, узяўшы неабходны інструмент, накіроўваюцца да месца даследавання. Пачынаецца плённая праца. Як і ў любой справе, тут галоўнае — жаданне і цярпенне. І ўсё з цягам часу становіцца на свае месцы.
На невялікай плошчы раскопа было знойдзена каля тысячы розных прадметаў. Бачылі б вы як свяціліся радасцю вочы дзяцей, калі яны ўпершыню выкопвалі кераміку, крэмень, а тым, каму пашчасціла больш ,— наканечнікі стрэл, сякеры, нажы!
— Мне падабаецца займацца археалагічнымі раскопкамі. Многаму паспеў навучыцца. На працягу года наведваў гурток “Юны археолаг”. Пачаў больш цікавіцца гісторыяй, — кажа вучань САШ № 1 Жэня Пруднікаў.
Хто ведае, можа менавіта дзякуючы гэтым раскопкам у нашай краіне на некалькі археолагаў стане больш?
АБ ЧЫМ МАЎЧЫЦЬ СТАРАДЗЕДЗІНСКАЯ ЗЯМЛЯ?
Па словах Аляксандра Коласава, даследаванне берага ракі Асцёр пачалося яшчэ ў 2-й палове 19 стагоддзя. Тады былі выяўлены першыя курганныя захаванні. Найбольш актыўна гэта рэчка вывучалася ў 20-я гады мінулага стагоддзя. У пасляваенны час тут працавалі смаленскі археолаг Я. Шміт і магілёўскі археолаг В. Капыцін.
— У басейне ракі Асцёр стацыянарныя работы праводзяцца ўпершыню. І толькі сёння становіцца зразумелым, з якога часу чалавек пачаў засяляць гэту тэрыторыю. Нашы работы тут пачаліся ў 2005 годзе. У ваколіцы вёскі Стары Дзедзін пасля папярэдняй шурфоўкі мы адкрылі новыя месцазнаходжанні і вызначылі месца будучых даследаванняў, — кажа А. У. Коласаў.
— На 2010 год было прынята рашэнне правесці суцэльнае даследаванне помнікаў археалогіі ў басейне рэчкі Асцёр на адлегласці 30 кіламетраў (у межах тэрыторыі Клімавіцкага і Крычаўскага раёнаў). Асноўная мэта — вывучэнне праблемы засялення гэтай мясцовасці на працягу некалькіх тысячагоддзяў.
У час раскопак мы атрымалі багаты рэчавы матэрыял. Ён дазваляе казаць пра тое, што тэрыторыю вёскі Стары Дзедзін пачалі засяляць жыхары ў канцы 5 тысячагоддзя да н. э. Пра гэта яскрава сведчаць таўстасценныя фрагменты керамікі. У яе цеста дабаўлены мясцовы рачны пясок і дамешкі расліннасці. Кераміка слабога абпальвання з прымітыўнай арнаментацыяй. Знойдзены таксама абломкі посуду больш позняга часу ( 4-3 тысячагоддзя да н.э).
Кераміка арнаменціравана шматлікімі ямачнымі і грабенчатымі наколамі. Упершыню на гэтай тэрыторыі мы ўбачылі фрагменты са своеасаблівым нанясеннем арнаменту — іх паверхня ўпрыгожана з двух бакоў арнаментам, — працягвае размову Аляксандр Уладзіміравіч. — Гэта сведчыць пра тое, што менавіта на гэтым участку Астра жыло насельніцтва з асаблівымі мясцовымі традыцыямі па керамічнай вытворчасці. Не менш характэрным з’яўляецца лапчаты арнамент, нанесены з дапамогай палачкі, на канцы якой была накручана нітка. Па гэтых находках мы можам меркаваць, што насельніцтва было знаёма з ткацтвам. Яно ўмела вырабляць тэкстыль. Былі выяўлены шматлікія крэмневыя артэфакты (скрабкі, разцы, праколкі, наканечнікі стрэл, сякеры, цеслы, нажы, долаты). На асобных фрагментах керамікі знойдзены адбіткі зубоў жывёл. Пры далейшым вывучэнні гэта дазволіць высветліць культуру харчавання і тое акаляючае асяроддзе, якое было сфарміравана каля гэтых старажытных жыхароў.
Па выніках нашых раскопак мы мяркуем, што хутчэй за ўсё гэта было кароткатэрміновае сезоннае пасяленне паляўнічых і рыбаловаў, якія прыйшлі сюды на нейкі час.
Сярод цікавых знаходак былі рэшткі ачага. Яны выяўлены на глыбіні 30 см. Гэта другая такая знаходка на тэрыторыі Усходняй Беларусі (1-я была адкрыта А. Коласавым у 2009 годзе на стаянцы Каменка Крычаўскага раёна, якая знаходзіцца ад гэтага месца на адлегласці прыкладна 50 км. — аўт.). Ачаг быў абкладзены камянямі. Вакол яго канцэнтраваліся фактычна ўсе знаходкі. Гэта сведчыць пра тое, што каля яго праходзіла ўся гаспадарчая дзейнасць першабытных людзей. Сабраныя рэшткі вугалю дазволяць атрымаць дакладную каляндарную дату для беларускага Пасожжа.
Аналіз вугалю дапаможа высветліць, якія дровы выкарыстоўваліся для атаплення ачага. А разам з гэтым можна будзе зразумець, якая расліннасць была на вышэйназванай тэрыторыі, што ўяўляла сабой флора, фауна, клімат таго часу.
Даследуемы намі ўчастак Астра сёння ператвараецца ў своеасаблівы археалагічны запаведнік. Яго нам патрэбна не толькі павялічваць, а і захаваць. На вялікі жаль, над гэтай тэрыторыяй сёння навісла пагроза кладашукальніцкіх незаконных раскопак. Тут, па словах мясцовых жыхароў, на працягу кожнага года паралельна з нашымі даследаваннямі вядуцца работы чорных скарбашукальнікаў. І зараз вельмі цяжка сказаць аб тым, колькі ўнікальных рэчаў не трапіла на стол навукі. А яны маглі б расказаць пра гісторыю гэтага краю, — завяршае гутарку Аляксандр Коласаў.
Таццяна Падліпская.
На здымку: Аляксандр Коласаў дэманструе знаходкі.