Подзвігу жыць у вяках

Подзвігу жыць  у вяках

Галоўнае нацыянальнае свята — Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь — урачыста адзначылі ў Клімавічах.
66 год таму наша Айчына дзякуючы бяспрыкладнаму подзвігу савецкага народа была вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэтая гістарычная дата з’яўляецца сімвалам яднання беларускага грамадства, мужнасці і пераемнасці розных пакаленняў.
Святкаванне пачалося з ускладання кіраўнікамі раёна, ветэранамі вайны і працы, прадстаўнікамі працоўных калектываў кветак да брацкай магілы на гарадскіх могілках, помніка воінам-інтэрнацыяналістам Віктару Бельскаму і Раману Рогалеву, якія загінулі ў Афганістане.
Урачыстае шэсце ўдзельнікаў святочных мерапрыемстваў рухалася ад кінатэатра “Беларусь”. Пад бадзёрую музыку духавога аркестра дзіцячай школы мастацтваў у гэты цёплы сонечны дзень на чале са сцяганосцамі калона прайшла па вуліцы Савецкай да Вечнага агню.
Тут адбыўся мітынг-рэквіем.
Пасля выканання Гімна нашай дзяржавы старшыня мясцовай выканаўчай улады Віталій Леанідавіч Грышанаў ад імя раённага выканаўчага камітэта, раённага Савета дэпутатаў сардэчна павіншаваў удзельнікаў свята, гасцей нашага горада з Днём Незалежнасці Рэспублікі Беларусь і 66-й гадавінай вызвалення краіны ад гітлераўскіх захопнікаў.
Кажучы пра тое, што народу Беларусі не раз даводзілася адбіваць атакі іншаземных захопнікаў, адстойваючы сваю свабоду, самабытнасць, ён падкрэсліў, што продкі з гонарам вытрымалі ўсе жорсткія выпрабаванні. Дзякуючы моцы духу, патрыятызму народ рэспублікі не скарыўся лютаму ворагу.
Больш чым паўтара мільёна беларусаў змагаліся на франтах Вялікай Айчыннай вайны, у партызанскіх атрадах і тыле.
За мірную рэчаіснасць трэба рашуча змагацца і зараз, умацоўваць здабытае, каб наша Белая Русь квітнела і развівалася надалей пад мірным васільковым небам.
Старшыня райвыканкама Віталій Леанідавіч Грышанаў уручыў падзяку Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь ветэрану Вялікай Айчыннай вайны Андрэю Сяргеевічу Галавешкіну — за асабісты ўклад у справу аднаўлення і развіцця аграпрамысловай вытворчасці і ў сувязі з 65-годдзем Вялікай Перамогі. З нагоды свята група ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны ўдастоена грашовых прэмій райвыканкама.
На мітынгу выступілі былы франтавік Георгій Іванавіч Яшын, настаўнік Клімавіцкай раённай гімназіі Галіна Іванаўна Мачахіна. Пранікнёна віталі вершаванымі віншаваннямі ветэранаў, усіх сабраўшыхся ля брацкай магілы вучні сярэдняй школы № 3.
Мінутай маўчання ўшанавалі людзі памяць загінуўшых за наша шчасце жыць і працаваць.
Рэха салюта скаланула старажытны парк, нагадаўшы пра суровыя выпрабаванні, перажытыя беларускім народам.
Вялі свята Вікторыя Шкрэдава і Сяргей Булянкоў.
У гэты памятны дзень у парку ладзілі святочны канцэрт мастацкай самадзейнасці, гульнявую праграму, выстаўку вырабаў мясцовых майстроў. Кожны, хто хацеў, наведаў працаваўшыя тут маладзёжную, спартыўную і турыстычную пляцоўкі, гандлёвыя рады.
Завяршылася свята акцыяй “Праспяваем Гімн разам” і маляўнічым феерверкам.
Мікалай Глуздоў.
Валерый Асмалоўскі.

На здымку: ветэраны Вялікай Айчыннай вайны (злева направа) Ціхан Аляксеевіч Глушакоў, Іван Сямёнавіч Курносаў, Уладзімір Цітавіч Турнуеў, Андрэй Сяргеевіч Галавешкін, Міхаіл Дзямідавіч Кісялёў.