Бібліятэка кліча дапытлівых

Бібліятэка кліча дапытлівых

Старадзедзінцы з задавальненнем прыходзяць у сельскую бібліятэку, каб узяць новую кнігу, пачытаць перыядычныя выданні.
З 1989 года ў бібліятэцы працуе Алена Пеціна. За гэты час жанчына зарэкамендавала сябе са станоўчага боку. Яна з павагай адносіцца да кожнага чытача, праводзіць цікавыя мерапрыемствы, літаратурна-музычныя вечарыны. Усё гэта садзейнічае таму, каб яе землякі больш чыталі, цікавіліся сваімі традыцыямі, гісторыяй.
— Абслугоўваю жыхароў не толькі нашай вёскі, але і суседніх — Новы Дзедзін, Роськаў, Куляшоўка. Тым, хто па стану здароўя не мае магчымасці прыйсці ў бібліятэку, прыношу кніжкі дадому, — кажа Алена Міхайлаўна. — У нас налічваецца нямала людзей, якія чытаюць шмат мастацкай літаратуры. Гэта муж і жонка Анатоль і Марыя Максімовічы, Надзея Ларкіна, Іван Вярцінскі, Таццяна Касперава, Віктар Салаўёў і многія іншыя.
Калі заходзіш ва ўтульную залу сельскай бібліятэкі, то ўвагу міжволі засяроджваеш на разнастайных тэматычных стэндах. Некаторыя з іх прысвечаны роднай старонцы. Вось стэнд з назвай «Роднай зямлі шматгалоссе». Тут можна знайсці багата звестак пра гісторыю вёскі, пра знакамітых землякоў, пазнаёміцца з гісторыяй фальклорных ансамбляў «Астранка» і «Астраначка». Шмат карыснай інфармацыі пра мясцовых паэтаў прадстаўлена на стэндзе «Ёсць яшчэ адзін куточак запаветны, дзе, нібы грыбы, растуць паэты».
— Восенню спаўняецца 100 гадоў з дня нараджэння вядомага беларускага паэта Алеся Пруднікава. З гэтай нагоды ў нашай установе будзе праходзіць літаратурная вечарына, — нагадала бібліятэкар.
На здымку: А. М. Пеціна.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.