Дайвер… з сякерай

Дайвер... з сякерай

Зараз В. А. Краўцоў са сваёй сям’ёй жывё ў вёсцы Галічы. На Асцёр з роднымі прыязджае вельмі часта, каб адпачыць і пазаймацца сваім любімым хобі — падводным паляваннем.
На маляўнічым беразе Астра прайшло басаногае юнацтва Вячаслава. Хлапчуком ён нярэдка глядзеў на рэчку, разважаючы аб тым, якія таямніцы хавае ў сабе водная плынь.
— Мне з маленства хацелася спусціцца на самае дно і паназіраць, што там адбываецца. З дванаццаці гадоў пачаў займацца падводным паляваннем. За гэты час акрамя рыбы мне даводзілася бачыць і знаходзіць нешта цікавае. Сёння фартуна ўсміхнулася мне. Я знайшоў у рацэ, недалёка ад вёскі Іванаўск, вось гэту старажытную зброю, — кажа Вячаслаў Аляксандравіч.
Рассказаць пра ўнікальную знаходку карэспандэнт раённай газеты папрасіў дацэнта кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага Дзяржаўнага універсітэта імя А. А. Куляшова, кандыдата гістарычных навук Аляксандра Коласава.
— Гэта бердыш — сякера, якая была на доўгай рукаяці з шырокім месяцападобным лязом. Абушковая зброя выкарыстоўвалася для бліжняга бою. Асабліва пашыранай яна была ва ўзбраенні стральцоў Маскоўскай дзяржавы ў 15-17 стагоддзі.
Бердыш — знаходка не выпадковая, бо менавіта ў 15-17 стагоддзі ў Верхнім Падняпроўі і Пасожжы былі войны і сутычкі.
Падобныя рэчы ёсць у Мсціслаўлі і Магілёве. Такія знаходкі не частыя, — патлумачыў Аляксандр Уладзіміравіч.
Таццяна Падліпская.