Дзе энергія — там вынік

На базе райваенкамата праведзены семінар-нарада ідэалагічнага актыву раёна.
Распавядаючы аб ролі сродкаў масавай інфармацыі ў адлюстраванні праблем, якія хвалююць насельніцтва, намеснік галоўнага рэдактара ўстановы “Рэдакцыя Клімавіцкай раённай газеты “Родная ніва” і праграмы радыёвяшчання “Голас Клімаўшчыны” Мікалай Глуздоў расказаў пра некаторыя метады работы СМІ з грамадзянамі. Іх аснова — новыя тэхналогіі.
Старшы дзяржаўны інспектар АДАІ Андрэй Пронькін пазнаёміў прысутных з правіламі паводзін на вуліцах і дарогах, спыніўся на фактах ДТЗ з удзелам веласіпедыстаў і возчыкаў гужавога транспарту.
За перыяд з пачатку года ў раёне ад знешніх фактараў (п’янства — самы вызначальны) загінулі звыш 40 чалавек. Гэта з’яўляецца адной з самых негатыўных сацыяльных праблем.
Вельмі зацікавіла ўсіх выступленне начальніка групы тэрытарыяльнай абароны райваенкамата капітана Аляксандра Мудрачэнкі. Ён падрабязна праінфармаваў аб умовах прызыву грамадзян на тэрміновую ваенную службу, паступлення ў ваенныя навучальныя ўстановы, пракаменціраваў слайды, дзе адлюстраваны эпізоды маладзёжнай субкультуры ў нашай краіне. Што тычыцца нефармальных арганізацый, то, як адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Алена Дзівакова, прынцыпова важна накіраваць іх дзейнасць, энергію маладых у правільнае рэчышча.
Карысна было паслухаць парады наконт паводзінаў людзей у анамальныя прыродныя перыяды ад галоўнага спецыяліста аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Вікторыі Пракоф’евай.
З сацыяльна-эканамічнымі навінамі азнаёміла калег загадчык аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама Марыя Пракопчык.
Мікалай ЛЕНЧЫКАЎ.