Матуліна шчасце

Пераступіла парог хаты шматдзетнай маці Тамары Кірпічэнкі і адразу нібы трапіла ў чароўную дзіцячую краіну. У ёй утульна і сонечна ад вялікай колькасці ўсмешак на вуснах малых.
Гэта вялікая, дружалюбная сям’я жыве ў маляўнічай вёсцы Стары Дзедзін. У Тамары Уладзіміраўны — сямёра дзетак. (На вялікі жаль, пяць гадоў назад з-за цяжкай хваробы пайшоў з жыцця іх бацька).
Старэйшая ў сям’і, Алёна, ужо сама двойчы стала маці. Дачка Юля вучыцца на трэцім курсе Магілёўскага каледжа мастацтваў. Сынок Саша перайшоў у шосты клас мясцовай школы. Наташа, Маша, Даша — вучні пачатковых класаў. А іх самую маленькую сястрычку Кацю школьны званок сёлета ўпершыню пакліча за парту.
У дзяцей багата розных захапленняў.
— Саша любіць рамантаваць розную тэхніку. А мы, дзяўчынкі, з задавальненнем робім вырабы з паперы і нітак. Затым іх дорым адзін аднаму на розныя святы. Усе мае сястрычкі і брацік спяваюць ва ўзорна-фальклорным калектыве “Астраначка”. Выконваем народныя песні. Удзельнічаем у конкурсах, абрадах, — расказвае чацвёракласніца Наташа.
— Мы любім спяваць. Ведаем больш за сто песень. Нярэдка бывае так, што ўстаём і тут жа пачынаем напяваць любімыя матывы, — прызнаецца трэцякласніца Маша.
На падворку сям’і ёсць карова, парсючкі, куры, трусы. На агародзе расце шмат смачнай садавіны і гародніны. Усе дзеці дапамагаюць маці па гаспадарцы.
Умеюць Кірпічэнкі і працаваць, і адпачываць. Яны часта прыходзяць да ракі Асцёр, каб зняць дзённую стому, пакупацца, палюбавацца роднымі краявідамі. А калі надыходзіць дзень нараджэння каго-небудзь з родных, то ўсе разам збіраюцца за святочным сталом, п’юць духмяную гарбату і частуюцца смачнай матулінай выпечкай. Дарэчы, люты — самы багаты на святы. Пятага, шостага і сёмага — у гэтыя дні месяца з’явіліся на свет Каця, Маша і Юля.
Гэта шматдзетная сям’я будуе ў Клімавічах трохпакаёвую кватэру ў жыллёва-будаўнічым кааператыве № 19. Ёй будзе аказана фінансавая дапамога па ліквідацыі рэшткаў запазычанасці па крэдыту. І такім чынам, дзякуючы Указу Прэзідэнта № 185 “Аб прадастаўленні грамадзянам льготнага крэдыту на будаўніцтва (рэканструкцыю) і набыццё жылых памяшканняў” ад 14.04.2000 года шматдзетная сям’я атрымае жыллё бясплатна.
— Аб чым вы марыце? — пацікавіўся на развітанне аўтар гэтых радкоў ва ўсіх членаў вялікай сям’і.
— Я хачу быць механікам, — адказаў хлопчык.
— Я — настаўніцай, а я — цырульнікам, а я — бібліятэкарам, а я — прадаўцом, — чуліся наперабой адказы дзяўчынак.
Маці ўважліва, задуменна глядзела на сваіх дзетак. А потым ціха дадала:
— Мне хочацца, каб усе дачушкі і сыночак былі здаровымі, выраслі адукаванымі людзьмі, сталі добрымі гаспадарамі і бацькамі для сваіх дзетак.
Таццяна ПАДЛІПСКАЯ.