Нестарэючая маладосць

Ты, як віцязь, стаіш на ўзбярэжжы Астра
З маладою, юнацкай усмешкай.
Пільна слухаеш гоман і хваляў, і траў,
І птушыны канцэрт на узлеску.

Такія радкі пра сваю родную старонку ёсць у паэта Паўла Пруднікава.
Вёска Стары Дзедзін на захадзе мяжуе з лесам. На усходзе яе агінае рака Асцёр (прыток Сожа). Дарэчы, назва рэчкі мае фіна-угорскае паходжанне і азначае “хуткая рака”.
Гэты населены пункт славіцца сваёй багатай гісторыяй. Яго цяперашняя тэрыторыя засялялася ў старажытныя часы каменнага веку — палеаліту. Той час пакінуў пасля сябе археалагічныя помнікі: стаянкі першабытнага чалавека, селішчы, сядзібы, якія адносяцца да 14-18 стагоддзяў. Пра гэта сведчаць шматлікія знаходкі — каменныя сякеры, адзінкавыя манеты і многае іншае, знойдзенае ў час археалагічных раскопак, якія праводзіліся ў ліпені гг. у ваколіцы Старога Дзедзіна (пра іх вынікі мы ўжо паведамлялі на старонках раённай газеты). А колькі яшчэ неразгаданых таямніц хаваецца ў гэтай зямлі?!
— Ваколіцы Старога Дзедзіна прадстаўляюць вялікую цікавасць. І не выключана, што тут зноў у бліжэйшы час археолагі зробяць розныя новыя навуковыя адкрыцці. Магчыма, на гэтай тэрыторыі знаходзіцца летапісны горад Зарой, які шукаюць ужо на працягу некалькіх гадоў. У бліжэйшы час нам гэта давядзецца высветліць, — кажа дацэнт кафедры археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Магілёўскага дзяржаўнага універсітэта імя А. А. Куляшова, кандыдат гістарычных навук Аляксандр Коласаў.

З ГІСТОРЫІ НАЗВЫ

У назвы Стары Дзедзін — шмат таямніц. Так, напрыклад, па матэрыялах карты гісторыка М. Спірыдонава, гэта вёска ўзгадваецца ў 16 ст.
З пакалення ў пакаленне перадаецца і вось гэта легенда:
— Калісьці тут жыў стары дзед. І пражыў ён 125 гадоў. Займаўся рыбалоўствам, пчалярствам. Паступова ў гэтых мясцінах пасяліліся і іншыя. Так з’явілася вёска, якая ў гонар пастаяннага жыхара стала называцца Стары Дзедзін, — расказваюць вяскоўцы.
— А чаму суседнія вёскі носяць назвы Стары Дзедзін і Новы Дзедзін? — пацікавіўся аўтар гэтых радкоў у мясцовых жыхароў.
— Бытуе меркаванне, што нібыта ў старога дзеда быў сын. Хлопец, пасля таго як ажаніўся, пачаў жыць на новым месцы, крыху далей ад бацькі. Такім чынам, з’явілася новае паселішча вось з гэтай назвай, — тлумачыць карэнная жыхарка Галіна Брыкава.
У навукоўцаў жа на гэты конт ёсць свой пункт гледжання.
— Вёска Дзедзін вядома ў 16 ст. пад назвай Дзедзіна. (Словам “дзедзін”, “дзедзіна” у той час называлася адна з форм феадальнага землекарыстання, калі маёмасць і зямля перадавалася ад прадзеда да праўнука, ад дзеда да ўнука. Гэта слова добра фіксуецца ў дакументах 2-й паловы 15 стагоддзя.) Гэта быў цэнтр дробнашляхецкага ўладання, які перадавалі ў спадчыну. Ён займаў невялікую плошчу, якая ахоплівала сучасныя Старыя і Новыя Пранічкі, Іванаўск, Роськаў, Куляшоўку. З цягам часу, калі з’явіліся новыя паселішчы Новы Дзедзін і Новыя Пранічкі, магло адбыцца разгалінаванне для большай зручнасці — на стары і новы.
Не выключэнне, што тыя, хто жылі ў Новым Дзедзіне і Новых Пранічках, маглі быць сваякамі, а іх вёскі выраслі з хутароў альбо на невялікіх пасяленнях,— тлумачыць гісторык А. У. Коласаў.