Адзін з цэнтраў культуры і адукацыі

Бібліятэкі існуюць з глыбокай старажытнасці. Бясспрэчна тое, что ў аснове ўсіх ведаў, высокай адукаванасці, эрудыцыі ляжыць начытанасць. Калі ёсць бібліятэкі, то ёсць і людзі, якія служаць кнізе, чытачу. Пра людзей, якія доўгія гады працавалі ў даных установах культуры на Клімаўшчыне і ўнеслі важкі ўклад у развіццё кніжнай культуры раёна, расказвае бібліятэкар-ветэран амаль з 40-гадовым стажам Антаніна Васільеўна СІЛІВЕРСТАВА.
— Сапраўдны бібліятэкар імкнецца адкрываць людзям свет, будзіць думкі, клікаць да практычных дзеянняў.
Амаль чатыры дзясяткі гадоў адпрацавала метадыстам цэнтральнай бібліятэкі Людміла Рыгораўна Сініцкая. У свой час гэта быў адзін з лепшых спецыялістаў у вобласці. Яна вучыла ўсяму новаму, цікаваму бібліятэкараў раёна. Пазнаёміцца з вопытам яе работы прыязджалі суседзі. На пасадах бібліёграфа, метадыста працавала Святлана Пракопаўна Уланава — выдатны прафесіянал, адказны работнік. Доўгі час у чытальнай зале цэнтральнай бібліятэкі шчыравала Марыя Цітаўна Старавыбарная.
У 1976 годзе адбылася цэнтралізацыя масавых бібліятэк, і карэнным чынам змянілася сутнасць іх работы. Фінансавыя сродкі цэнтралізавалі, стварылі адзіны кніжны фонд сістэмы. Загадчыцай аддзела арганізацыі адзінага кніжнага фонду стала працаваць Людміла Міхайлаўна Садоўская, якая да гэтага ўзначальвала Малашкавіцкую сельскую бібліятэку. Усім вядома была яе акуратнасць і стараннасць у працы. Таксама быў створаны аддзел апрацоўкі і камплектавання літаратуры, які ўзначаліла Святлана Іванаўна Грышчанка, якой прыходзілася ўсё наладжваць упершыню. Але яна са сваімі калегамі Пелагеяй Міхайлаўнай Даронінай, Валянцінай Леанідаўнай Мычко справілася.
Амаль кожны з сельскіх бібліятэкараў заслугоўвае асобнага апавядання. Быў час, калі закрываліся пачатковыя школы, а на іх месцы ствараліся бібліятэкі, і бібліятэкарамі станавіліся былыя настаўнікі. Так да нас прыйшлі Марыя Міхайлаўна Падгурская, Ева Мацвееўна Петушкова, Ядвіга Аляксееўна Маліноўская, Ірына Ягораўна Алёшчанка і іншыя. У працы іх адрознівала стараннасць, адказнасць. Добрыя ўспаміны пакінулі пра сябе Таццяна Мартынаўна Азаранка, Ніна Тарасаўна Міроненка, Лідзія Мікалаеўна Асмалоўская, Ганна Кузьмінічна Варанцова, Зоя Фёдараўна Дзёміна, Ганна Гаўрылаўна Церахава.
На працягу многіх гадоў Мілаславіцкую сельскую бібліятэку ўзначальвала Таццяна Цімафееўна Лабанава. Гэта бібліятэкар з вялікай літары. У ёй захаплялі працаздольнасць, незаспакоенасць, жаданне зрабіць нешта такое, каб чалавек, прыйшоўшы аднойчы ў бібліятэку, захацеў прыйсці сюды зноў і зноў. Нездарма на старонках Кнігі Гонару бібліятэкараў Таццяна Цімафееўна напісала: “Библиотекарем на всю жизнь станет тот, кто полюбит книги, людей и всю жизнь будет в поиске совершенствования своего труда. А труд библиотекаря — вечен!”.
Можна яшчэ доўга працягваць размову пра людзей, якія ў пэўны час працавалі ў бібліятэках. Ім ніколі не было проста, але яны перамагалі цяжкасці з годнасцю, з упэўненасцю ў грамадскай значнасці сваёй місіі.
Дарагія мае калегі! Сардэчна віншую вас з нашым прафесійным святам! Жадаю вам добрага здароўя, паболей радасці ў жыцці і не паддавацца жыццёвым выпрабаванням. Будзем разам.
Запісала Валянціна КВАРЦЮК.