Матуліна шчасце — дзеці

Матуліна шчасце — дзеці

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка падпісаў Указ аб узнагароджанні ордэнам Маці за нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей жанчын з розных рэгіёнаў Беларусі. Дзевяць сярод пяцідзесяці пяці ўзнагароджаных — жыхаркі Магілёўскай вобласці. Прыемна, што ў іх ліку ёсць і наша зямлячка — Людміла Васільеўна Ціткова з аграгарадка Малышкавічы.
У сям’і Людмілы і Мікалая Цітковых растуць пяць хлопчыкаў і дзяўчынка. Старэйшы з дзяцей — сын Андрэй. Ён вучыцца ў дзявятым класе мясцовай школы. А самая маленькая ў іх — пяцігадовая сястрычка Надзя. Яна наведвае дзіцячы сад.
Цітковы трымаюць гаспадарку, маюць участак зямлі. Дзеці таксама не застаюцца ў баку ад спраў. Дапамагаюць бацькам.
— Старэйшыя сыны і карову падояць, і за малодшымі брацікамі і сястрычкай паглядзяць, — кажа шчаслівая маці.
У хаце Цітковых пануе лад і паразуменне. Заўжды чуюцца дзіцячыя галасы. Вясёлае “шчабятанне” малых — нібы жыватворная крыніца шчасця. Яна штодзённа наталяе бацькоў добрым настроем, аптымізмам.
Галава сямейства Мікалай Фёдаравіч працуе рабочым прыватнага ўнітарнага прадпрыемства “Сяляне” . А яго жонка — паштальён у Малышкавіцкім паштовым аддзяленні сувязі. Дзеці нярэдка дапамагаюць маці разносіць пошту. Зараз у Людмілы Васільеўны настала адказная пара — час падпіскі на перыядычныя выданні. У ліку запатрабаваных газет сярод яе землякоў — “Родная ніва”. Раёнка таксама прыходзіць і ў сям’ю Цітковых.
Таццяна Падліпская.
На здымку: Людміла Васільеўна і яе дзеці — Жэня, Ілья, Міша, Андрэй, Надзя, Цімафей.