НАРОДНЫЯ БАЛАДЫ Клімавіцкага раёна

Мэтанакіраваны і сістэматычны збор фальклорнага матэрыялу супрацоўнікамі Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея вядзецца з 2002 года. Хаця запісы народных песень паступалі ў музей і да гэтага. На сённяшні дзень запісана каля 100 песень рознай тэматыкі, 10 з іх з’яўляюцца баладамі.
Балады — ліра-эпічныя песні з напружаным драматычным сюжэтам, якія апавядаюць пра незвычайныя, трагічныя здарэнні ў асабістым, сямейным жыцці простага чалавека. У цэнтры іх увагі злачынства і кара, вернасць і здрада, каханне і нянавісць. Сэнс балад у тым, каб ацаніць паводзіны персанажаў з пункту гледжання агульначалавечых каштоўнасцей. Творы гэтага жанру адрозніваюцца вельмі глубокім псіхалагічным зместам. Для іх характэрна вялікае эмацыянальнае напружанне.
Найбольш распаўсюджанымі з’яўляюцца балады з сюжэтам “дачка — птушка”. Папулярнасць сюжэта невыпадковая. Згодна звычаю, маладая сялянка пасля замужжа ішла жыць у сям’ю мужа. Яна адрывалася ад роднага дому і вельмі гэта перажывала, асабліва ў першыя гады замужжа, калі яшчэ не паспела прыжыцца ў чужой сям’і. У большасці балад пра “дачку-птушку” расказ вядзецца ад імя самотнай жанчыны, якая ператвараецца ў зязюлю, каб наведацца да родных.
У фондах музея ёсць запіс балады, у цэнтры якой знаходзіцца мацярынскі праклён. Сын праганяе маці з двара, і яна, перад тым, як пайсці, гаворыць яму:
— Як вы ж мяне абідзелі,
Штоб вы свайго дабра не ўвідзелі.
Адразу ж пасля гэтага ў сям’і сына здараецца два няшчасці. Той добра разумее, што ўсё гэта звязана з мацярынскім праклёнам, і просіць яе вярнуцца. Але маці адмаўляецца. Вельмі блізкая да вышэйзгаданай і балада, якую мы запісалі ў в. Сабалёўка ад Слесаравай Марыі. Ідэйны сэнс гэтых балад заключаецца ў асуджэнні непаважлівых адносін да старэйшых і асабліва да бацькоў.
Казачныя і легендарныя балады ўзніклі, верагодна, на аснове старажытных уяўленняў людзей пра навакольны свет. Творы гэтага віду вылучаюцца тым, што ў іх сюжэт арганічна ўплятаюцца такія элементы, вобразы, якія даюць месца звышнатуральнаму, фантастычнаму. Гэтым балады збліжаюцца з казкамі, але ў іх герой часцей за ўсё не выходзіць пераможцам з трагічнай сітуацыі, а пераносіць вялікія нягоды ці гіне.
Захоўваецца запіс казачнай балады “Ваўкі-нянькі”, якая апавядае пра тое, як у ліхой свекрыві нявестка, стомленая цяжкай працай на жніве, забылася дзіця ў полі і яго “няньчылі” ваўкі. Большасць варыянтаў гэтай балады заканчваецца сцэнай дзяльбы дзіцяці паміж ваўкамі або просьбай нявесткі забраць лепшага каня свёкра, замест дзіцяці. Наша ж балада мае шчаслівы фінал, што з’яўляецца рэдкасцю.
На вельмі старажытнай аснове створаны балады, галоўнай канструкцыйнай часткай якіх з’яўляецца выпрабаванне чалавека загадкамі. Балада, запісаная ў в. Лобжа, адносіццца да тых варыянтаў балад, дзе загадванне загадак мае функцыю перадшлюбнага выпрабавання розуму дзяўчыны, яе дасведчанасці.
Ёсць у нас і некалькі запісаў навелістычных балад, у якіх адлюстроўваюцца рэальныя жыццёвыя калізіі, канфлікты, нягоды. Яны ўзнімаюць розныя маральна-этычныя праблемы ва ўзаемаадносінах паміж хлопцам і дзяўчынай або прадстаўнікамі адной сям’і.
У в. Кавалёўка запісана балада, апавядаючая пра дзяўчыну, якая паддалася на ўгаворы казакоў і паехала з імі. У пагоню за дзяўчынай адпраўляюцца яе браты. Яны наганяюць казакоў у лесе і звяртаюцца да іх з просьбай не губіць сястру. Але было ўжо позна… Яна загінула. Ідэйны сэнс балады ў асуджэнні легкадумнасці гераіні. Увогуле шэраг звычаёвых правіл, прынятых у сялянскім калектыве, патрабаваў ад дзяўчат пэўнай дабрачыннасці ў паводзінах.
У выкананні фальклорнага калектыву з в. Сінеж была запісана яшчэ адна балада, дзеючымі асобамі якой з’яўляюцца маладая дзяўчына і казак. У адказ на прызнанні казака ў каханні дзяўчына выказвае жорсткае патрабаванне. Каханне да дзяўчыны аказалася мацнейшым за сыноўнюю любоў: пасля доўгіх роздумаў казак, каб дагадзіць каханай, забівае маці. Але словы дзяўчыны, якія хлопец успрыняў усур’ёз, аказаліся злосным жартам.
Пра няпростую жыццёвую сітуацыю расказваецца ў баладзе, запісанай у в. Перавалочня: старая маці аказваецца не патрэбнай ні дачцэ, ні сыну. Яна не разумее, чаму так здарылася. Ад адчаю і безвыходнасці маці топіцца ў моры.
Дзеці раскаяліся потым, толькі вярнуць матулю з дна марскога не змаглі. Гэтага не павінна было здарыцца, бо раўнадушныя адносіны да роднай маці супярэчаць маральна-этычным нормам, прынятым у грамадстве. Смерць гераіні ўспрымаецца ў дадзеным выпадку, як выкрыванне зла.
Знаходжанне Клімавіцкага раёна на мяжы з Расіяй абумовіла бытаванне на яго тэрыторыі песень, характэрных для суседняй краіны. У в. Судзілы запісаны варыянт вядомай у нашых суседзяў балады “Ванька-ключнік”. Сюжэт гэты вельмі даўні. Ён адносіцца да другой паловы ХVIII ці пачатку ХІХ стагоддзя. Хлопец быў палюбоўнікам маладой княгіні. Пра гэта стала вядома князю, і ён загадаў павесіць ключніка. А княгіня ад адчаю скончыла жыццё самагубствам. Асаблівасць нашай балады ў тым, што ў ёй прапушчаны момант даносу. Нам невядома, як князь даведаўся пра здраду.
Такім чынам, у фондах Клімавіцкага раённага краязнаўчага музея захоўваюцца запісы балад усіх відаў (акрамя гульнёва-карагодных). Яны даюць уяўленне аб мінулым, псіхалогіі людзей, маральна-этычных прынцыпах беларусаў.
Юлія САМАХВАЛ,
супрацоўнік краязнаўчага музея.