Народныя вучылішчы

У 19 стагоддзі ў сельскай мясцовасці Клімаўшчыны, як і ў іншых рэгіёнах Магілёўшчыны, была масавая непісьменнасць насельніцтва, пераважную большасць якога складалі сяляне. Паводле перапісу 1897 г. нават у горадзе Клімавічы, цэнтры павету, непісьменных (не ўмеючых чытаць і пісаць) налічвалася 68,2 працэнта. Таму ў сярэдзіне 19 стагоддзя тут, як і ў іншых рэгіёнах Беларусі, улада пачала ствараць так званыя народныя вучылішчы, якія ўяўлялі сабой тып свецкай пачатковай школы. Пашырэнне пачатковай адукацыі патрабавалі развіццё эканомікі, культуры і прагрэсу, асабліва пасля адмены прыгоннага права (1861 г.).
У 1864 г. было прынята расійскае “Положение о народных училищах”. Паводле яго ў гэтых школах дзеці праходзілі Закон Божы, арыфметыку, рускую мову, чытанне і спевы. Закон Божы вялі святары (законанастаўнікі), а астатнія прадметы — настаўнікі. І хоць народныя вучылішчы з’яўляліся свецкімі школамі, але ж Закон Божы з’яўляўся абавязковым прадметам. У народныя вучылішчы прымалі дзяцей школьнага ўзросту ўсіх саслоўяў, аднак пераважную большасць навучэнцаў у іх складалі дзеці сялян.
Развіццё народнай адукацыі ў межах Клімавіцкага раёна адбывалася слаба. На 1901 год тут дзейнічала каля дзесяці народных вучылішчаў, у тым ліку: Дамамерыцкае, Дубравіцкае, Раднянскае, Хатовіжскае, Ціманаўскае. Аб іх раскажам больш-менш канкрэтна і падрабязна.
Дамамерыцкае народнае вучылішча заснавана ў 1864 г. у сяле (цяпер вёска) Дамамерычы. Размяшчалася ў грамадскім будынку. Утрымоўвалася за кошт дзяржаўнага казначэйства і мясцовых жыхароў. У 1886/87 навучальным годзе, напрыклад, казначэйствам было выдаткавана 140 рублёў, а жыхарамі (сялянамі) — 190 рублёў. На 1886/87 вучэбны год вучылася 50 дзяцей (сярод іх 2 дзяўчынкі), 1900/01 — 80 школьнікаў (у тым ліку 10 дзяўчынак). У розны час тут працавалі настаўнікамі: Леў Аляксандравіч Шастакоў (адзін з першых скончыў Смаленскую духоўную семінарыю), выпускнікі Полацкай настаўніцкай семінарыі Аляксей Арсеньевіч Шакун і Пётр Сямёнавіч Кавалёў і іншыя. Закон Божы вёў праваслаўны святар, выхаванец Магілёўскай духоўнай семінарыі Мікалай Пяцібокаў.
Дубравіцкае народнае вучылішча створана ў 1866 г. у сяле (цяпер вёска) Дубравіца. Размяшчалася таксама ў грамадскім будынку. У 1886/87 навучальным годзе вучылася 17 дзяцей (усе хлопчыкі), у 1900/01 — 50 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка. У розны час тут настаўнічалі выхаванцы Полацкай настаўніцкай семінарыі Георгій Лацкевіч, Сцяпан Шайтураў і іншыя. С. Шайтураў за старанную працу быў узнагароджаны сярэбраным медалём з надпісам “За усердие”. Законанастаўнікам быў праваслаўны святар, выпускнік Магілёўскай духоўнай семінарыі Стафан Наздроўскі.
Раднянскае народнае вучылішча адчынена ў 1866 г. у сяле (цяпер аграгарадок) Родня. Размяшчалася ў грамадскім будынку, утрымоўвалася за кошт дзяржаўнага казначэйства, валаснога праўлення і мясцовых жыхароў. У 1886/87 навучальным годзе тут вучылася 76 дзяцей (з іх 3 дзяўчынкі), у 1900/01 — 65 хлопчыкаў і 15 дзяўчынак. У розны час працавалі настаўнікамі: Юліян Іванавіч Жураўлёў (меў званне настаўніка пачатковай школы), выхаванец Полацкай настаўніцкай семінарыі Пётр Кукавенка і іншыя. Законанастаўнікамі з’яўляліся праваслаўныя святары, выпускнікі Магілёўскай духоўнай семінарыі Канстанцін Стратановіч і Рыгор Бутома.
Хатовіжскае народнае вучылішча адчынена ў канцы 19 стагоддзя. Утрымоўвалася за кошт дзяржаўнага казначэйства і мясцовай сялянскай грамады. Настаўнікам працаваў выхаванец Полацкай настаўніцкай семінарыі Сямён Пятровіч Баранкевіч.
Ціманаўскае народнае вучылішча заснавана ў 1878 г. у сяле (цяпер аграгарадок) Ціманава. Знаходзілася ў грамадскім будынку. Утрымоўвалася на сродкі дзяржаўнай казны і сялянскай грамады. У 1886/87 вучэбным годзе тут вучылася 30 дзяцей (усе хлопчыкі), у 1900/01 — 11 хлопчыкаў і 1 дзяўчынка. У розны час працавалі настаўнікамі: Афанасій Піліпавіч Хіжанкоў (скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю), Юліян Іванавіч Жураўлёў і іншыя. Жураўлёў меў званне настаўніка пачатковай школы, быў узнагароджаны за стараннае выхаванне школьнікаў сярэбраным медалём з надпісам “За усердие”.
Закон Божы выкладаў выхаванец Магілёўскай духоўнай семінарыі, праваслаўны свяшчэннік Аляксандр Заркевіч. Пры Ціманаўскім народным вучылішчы існаваў рамесны клас, у якім у 1896/97 вучэбным годзе вучылася 53 хлопчыкі. Яго загадчыкам з’яўляўся настаўнік Юліян Жураўлёў, а настаўнікамі — Іван Антонавіч Мясцоў (скончыў Полацкую настаўніцкую семінарыю) і Іван Іванавіч Ярмолік (скончыў рамеснае вучылішча).
Некалькі народных вучылішчаў на Клімаўшчыне было адчынена ў пачатку 20 стагоддзя.
Усе пералічаныя вышэй народныя вучылішчы былі змешанага тыпу — у іх маглі вучыцца як хлопчыкі, так і дзяўчынкі. Аднак дзяўчынак вучылася значна менш, чым хлопчыкаў. Большасць народных вучылішчаў не мелі ўласных будынкаў, а юціліся ў цесных, непрыстасаваных да заняткаў грамадскіх будынках (пры валасных праўленнях ці пры цэрквах) або арандаваных сялянскіх хатах. Пачатковая адукацыя тады была платнай і не абавязковай, большая частка сялянскіх дзяцей школьнага ўзросту з-за матэрыяльных цяжкасцей не мела магчымасці вучыцца і атрымаць нават пачатковую адукацыю. Хоць цяга да ведаў у іх была вялікая.
Адметнай рысай для народных вучылішчаў Клімавіцкага раёна з’яўлялася тое, што ў іх працавала шмат настаўнікаў — выхаванцаў Полацкай настаўніцкай семінарыі, а законанастаўнікамі былі ў асноўным выпускнікі Магілёўскай духоўнай семінарыі. Настаўнікі народных вучылішчаў Клімаўшчыны атрымоўвалі жалаванне ад 150 да 250, святары — 25 рублёў у год. Настаўнікі забяспечваліся бяс-платна кватэрай.
Стварэнне і дзейнасць народных вучылішчаў у межах сучаснага Клімавіцкага раёна з’яўляліся справамі прагрэсіўнымі. Яны садзейнічалі пашырэнню пісьменнасці сярод сельскага насельніцтва, росту яго культуры, цікавасці да ведаў у сялянскіх дзяцей.
Ганна ДУЛЕБА,
г. Мінск.