Развітальная песня журавоў

Развітальная песня  журавоў

Кастрычнік упэўнена крочыць па зямлі. З кожным днём ночы становяцца больш халоднымі. З’яўляюцца першыя замаразкі. Многія птушкі адляцелі ў вырай.
— Ты чуеш, дружа мой, як плачуць журавы над зарывам асенніх журавін? — пытаў у адным са сваіх вершаў паэт Пімен Панчанка. І сапраўды, нельга было не звярнуць увагу на пранізліва-тужлівую інтанацыю развітальнай песні гэтых птушак, якая чулася ў паднябеснай высі.
Перад асеннім адлётам шэрыя жураўлі збіраюцца ў добра вядомых мясцінах, адкуль з гучным крыкам без перапынку ляцяць, пакуль не апынуцца на месцы зімоўкі. Гэтыя прыгожыя птушкі ляцяць высока ў паветры па вядомым ім шляху. Строга прытрымліваюцца клінавіднай формы. У час знаходжання на чужыне журавы трымаюцца вялікім гуртам. А вось на радзіме яны разбіваюцца на пары.
Паміж вёскамі Новыя і Старыя Пранічкі Кісялёва-Будскага сельсавета, на ўбраным кукурузным полі, на працягу некалькіх тыдняў можна было бачыць каля сотні журавоў. Яны часта збіраліся ў гэтым месцы. А не так даўно мясцовыя жыхары чулі іх развітальнае “курлы-курр-лы”. Сваёй самотнай песняй журавы нібы казалі: бывай, родная старонка, мы будзем па табе сумаваць, а вясной зноў вернемся дадому.
І як тут не ўзгадаць вядомую песню на словы паэта Алеся Ставера: “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць. Зразумееш тады, чаму з выраю журавы на Палессе ляцяць…”.
Таццяна Падліпская.