Шчасце, калі побач бацькі

Шчасце, калі побач бацькі

На вялікі жаль, усё яшчэ сустракаюцца такія сем’і, у якіх бацькі з-за ўжывання алкаголю забываюцца пра свой галоўны абавязак — выхаванне дачок і сыноў, забеспячэнне ім належных умоў жыцця. Дзяржава імкнецца прыйсці на дапамогу такім дзецям, не пакідае іх у цяжкіх абставінах. Вядучым накірункам у рабоце з сацыяльнымі сіротамі з’яўляецца ўладкаванне іх у другія сем’і, у якіх бацькі вядуць здаровы лад жыцця.
На Клімаўшчыне 63 дзіцяці выхоўваюцца ў пяцідзесяці апякунскіх сем’ях, у сем’ях усынавіцеляў — 31 (ва ўзросце да 18 гадоў), 5 дзяцей — у дзіцячым доме сямейнага тыпу, 76 — у сарака васьмі прыёмных сем’ях.
Ала Мікалаеўна і Міхаіл Уладзіміравіч Асмалоўскія жывуць у чатырохпакаёвай кватэры па завулку 50 год СССР.
Тры гады назад іх шматдзетная сям’я павялічылася яшчэ на адну дзяўчынку з прытулка. Дзякуючы ім Наташа адчула цеплыню сямейнага ачага, бацькоўскі клопат пра яе дзяцінства, зразумела, як святкуецца дзень нараджэння, як смачна пахнуць матуліны пірагі…
Ала Мікалаеўна прыгадвае, што ў юнацтве ёй падабалася даглядаць маленькіх дзетак, гуляць разам з імі. Яна нават хацела пайсці працаваць у дзіцячы садок, але лёс распарадзіўся інакш — стала бухгалтарам.
На сваёй малой радзіме, у Смаленску, жанчына спаткала будучага мужа. (Наш зямляк Міхаіл Уладзіміравіч прыязджаў сюды ў госці да сястры). Неўзабаве згулялі вяселле. З таго моманту іх спадарожнікамі сталі каханне, узаемапавага, добразычлівасць. Гаспадар і гаспадыня імкнуцца, каб у хаце ўладарыў дабрабыт, а дзеці раслі выхаванымі і адукаванымі.
Міхаіл Уладзіміравіч працуе слесарам-сантэхнікам у Клімавіцкіх электрычных сетках. Ала Мікалаеўна — прыёмная маці.
Старэйшая ў сям’і — дачка Аксана. Яна ўжо і сама адчула радасць мацярынства, калі тры месяцы назад нарадзіла дачку Жасмін. Зараз Аксана вы-хоўвае немаўляці, а таксама працуе ў САШ № 4 настаўнікам геаграфіі. А яе муж Асіф пацвярджае дыплом ў Шры-Ланцы.
Алёна — студэнтка Смаленскага дзяржаўнага інстытута мастацтваў.
Таццяна — повар у САШ № 4. Завочна павялічвае свой прафесійны ўзровень у тэхналагічным каледжы г. Магілёва. Валерыя і Наташа — чацвёртакласніцы.
— Сярод маіх знаёмых — нямала тых, хто выхоўвае прыёмных дзетак. Вось і мне захацелася прытуліць каго-небудзь. Сваімі думкамі спачатку падзялілася з мужам. Ён падтрымаў мяне. Потым сказала пра гэта дочкам. Яны таксама пагадзіліся са мной. Шасцігадовая Наташа з’явілася ў нас дваццаць шостага снежня 2007 года. Памятаю, якой радасцю свяціліся яе вочы, калі яна ўпершыню апынулася за святочным навагоднім сталом, дзе было шмат смачных страў, цукерак. Як дзяўчынка не хавала станоўчых эмоцый здзіўлення, калі атрымала падарунак ад Дзеда Мароза… — успамінае маці Ала Мікалаеўна. — У будучым хачу ўзяць на выхаванне яшчэ некалькі дзетак з прытулку. Якія б добрыя ўмовы ні былі там створаны, яны ніколі не заменяць сямейнага камфорту, — працягвае размову гаспадыня.
Ала Мікалаеўна імкнецца спрыяць таму, каб Наташа захаплялася мастацкай літаратурай. І ўжо ёсць пэўныя станоўчыя вынікі. Дзяўчынка таксама любіць маляваць. Марыць стаць мастаком.
— Вечарамі збіраемся ўсе разам і пачынаем дзяліцца сваімі добрымі навінамі. Мы нават ужо і не ўяўляем сябе без вялікай колькасці дзяцей. Кожны з іх па-свойму цікавы, непаўторны. Весела смяюцца дзеці — і на душы радасна. Дзеці — гэта самае лепшае багацце, якое прыносіць радасць. Яны — сэнс нашага жыцця,— перакананы бацька.
Таццяна Падліпская.
На здымку: сям’я Асмалоўскіх — маці Ала Мікалаеўна, бацька Міхаіл Уладзіміравіч, Наташа, Лена, Аксана з дачкой Жасмін, Таццяна, Валерыя.