Сузор’е талентаў

Свята песні і танца адбылося нядаўна ў першай гарадской школе. Журы і гледачы ўбачылі сапраўднае сузор’е талентаў (дарэчы, так і называўся творчы конкурс). Няпроста было журы на чале з настаўнікам музыкі Мікалаем Жукавым вызначыць лепшых.
Спачатку выступілі самыя маленькія — калектывы пачатковых класаў, пераможцам з песняй «Радзіма» стаў ансамбль 4 «Б». Цішыня панавала ў зале, калі Лена Кашанская і Маша Сцешкіна з 6 «Б» заспявалі песню «Мама». Выдатнае выкананне дазволіла заняць ім першае месца сярод вучняў 5-8 класаў у намінацыі «песня». У намінацыі «танец» перамаглі вучні 6 «Г» класа.
Ад старшакласнікаў чакалі нечага незвычайнага. І не расчараваліся: іх выступленні нікога не пакінулі раўнадушным. Цяжка было кагосьці вылучыць, і журы аддало першае месца адразу чатыром класам: 10 «А» з папуры на школьную тэматыку, 10 «Б» з танцам «Маленькія лебедзі», 11 «А» з песняй «Школа» і 11 «Б» з сучасным танцам.
Людміла Шапавалава,
настаўніца САШ № 1.