Залатыя медалі клімаўчан

Залатыя медалі клімаўчан

Штогод у Мінску праходзіць рэспубліканскі агляд якасці хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў “Ласунак”.
Сёлета ён ладзіўся шосты раз у межах міжнароднай спецыялізаванай выставы “Хлебная і кандытарская справа”.
Летась майстрыцы філіяла РУП “Магілёўхлебпрам” Клімавіцкі хлебазавод упершыню прымалі ўдзел у гэтым прэстыжным конкурсе.
— Прывезлі тады бронзавы медаль за торт “Вячэрняя Венецыя”, — дзеліцца навінамі дырэктар прадпрыемства Людміла Малаковіч. — Сёлета прадставілі ў намінацыі “Пернікавыя вырабы” два прадукты. Гэта каўрыжка “Клімавіцкая заварная” і пернікі сырцовыя “Шарм”.
Апошнія прысмакі глазураваны шакаладам, дэкарыраваны белай глазурай. Інгрэдыенты дапаўняюць разынкі. Арыгінальнасцю вызначаецца і наша каўрыжка. Робім яе з сумесі мукі пшанічнай першага сорту і аржаной хлебапякарнай сеянай. Дабаўкі — маргарын, сушаны вінаград, мёд і г.д.
— У конкурсе ўдзельнічалі ўсе прадпрыемствы хлебнай вытворчасці рэспублікі, — дадае начальнік лабараторыі Галіна Семчанка. — Акрамя таго, прывезлі свае вырабы калегі з Расіі, Украіны, Польшчы і іншых краін.
Клімаўчане вярнуліся дамоў з двума залатымі медалямі і Дыпломам “Ласунак-2010”.
Зараз на завод завозяць абсталяванне для выпякання сушак.
Раіса Сяргеенка.
На здымку: дырэктар прадпрыемства Людміла Малаковіч і начальнік лабараторыі Галіна Семчанка з узнагародамі.